Праваабаронцы расказалі, што робяць для высланых палітвязняў

Ініцыятыва Dissidentby расказала, якія намаганні робяцца для дапамогі былым палітвязням, якіх 13 снежня выслалі з Беларусі.

Reform.news публікуе паведамленне цалкам:

“Сумеснымі намаганнямі арганізуецца першачарговая дапамога для людзей, якія прыбылі ва Украіну. Паступова людзям дастаўляюцца сродкі сувязі, што дазваляе ім выйсці на кантакт са сваімі блізкімі.

Людзі забяспечаныя месцамі для сну, харчаваннем і неабходнымі сродкамі гігіены. Усё гэта пастаянна абнаўляецца і дакупляецца ў залежнасці ад актуальных патрэбаў. Паралельна вырашаюцца іншыя важныя пытанні і вядзецца збор інфармацыі для планавання далейшых крокаў і падтрымкі.

Аказанне дапамогі адбываецца дзякуючы аб’яднаным намаганням вялікай колькасці праваабарончых і гуманітарных арганізацый. У працэс уключаныя: Дабрачынны фонд «Краіна для Жыцця», BYSOL, Праваабарончы цэнтр «Вясна» (гарачая лінія), Вольныя, Ineedhelpby, Dissidentby, Дапамога, Полк Каліноўскага, а таксама іншыя структуры і валанцёрскія групы.

Уся праца вядзецца ў цеснай каардынацыі з місіяй ва Украіне і з прадстаўнікамі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы і нацыянальнай бяспецы, офісам Святланы Ціханоўскай, а таксама праектам «Хачу Жыць».

Гэта не поўны спіс арганізацый і ініцыятыў. Мы шчыра ўдзячныя ўсім, хто далучыўся да дапамогі. Многія таксама працуюць або знаходзяцца ў стане гатоўнасці ў Літве і Польшчы.

Калі вы яшчэ не змаглі звязацца са сваімі блізкімі, калі ласка, напішыце на @hotline202512 у Telegram і пакіньце сваю кантактную інфармацыю — мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы аднавіць сувязь”.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны