Некалькі польскіх каталіцкіх святароў ужо пакінулі Беларусь або рыхтуюцца да ад’езду пасля таго, як ўлады адмовілі ім у падаўжэнні дазволаў на рэлігійную дзейнасць, піша Katolik.life.
Паводле інфармацыі рэсурсу, дэкан Стаўбцоўскага дэканата ксёндз Марыян Шэршань пасля 36 гадоў служэння выехаў з краіны без гучнага развітання. Ён служыў у Налібоках, дзе аднавіў касцёл, і быў героем публікацый дзяржаўных СМІ. Ад’езд святара азначае, што дамагчыся перагляду рашэння аб адмове ў падаўжэнні дазволу, як гэта было ў мінулыя гады, не ўдалося, адзначаюць аўтары.
Паводле іх звестак, яшчэ як мінімум з адным польскім святаром развітаюцца найбліжэйшым часам, а астатнія захоўваюць надзею застацца ў Беларусі і дзеля гэтага пайшлі на рашучы крок.
Сярод тых, каму таксама адмоўлена ў падаўжэнні дазволу, — ксёндз Лех Баханэк, які служыць у Беларусі больш за 25 гадоў. Пілігрымы, што ішлі ў Будслаў праз Івянец, адзначылі яго адсутнасць. Паводле звестак вернікаў, ён і некалькі іншых польскіх святароў маюць намер падаць заявы на атрыманне беларускага грамадзянства. Такую ўмову, паводле наяўных звестак, ставілі ўлады польскім ксяндзам, якія служаць у Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Аднак, як адзначаецца ў матэрыяле, вядомыя выпадкі, калі ў грамадзянстве польскім святарам адмаўлялі.
Цяпер, калі тэрмін дзеяння дазволу завяршаецца, а пытанне з грамадзянствам яшчэ не вырашана, святары вымушаныя прыпыніць рэлігійную дзейнасць, таму не з’яўляюцца на публіцы.
Неўзабаве сваіх парафіян пакіне дэкан Мядзельскага дэканата, пробашч парафіі ў Свіры ксёндз Багуслаў Маджэеўскі. У Гродзенскай дыяцэзіі з парафіяй у Старых Васілішках развітаўся ксёндз Збігнеў Драгула з ордэна міхалітаў, які праслужыў у Беларусі 27 гадоў. У сваёй развітальнай прамове ён згадаў, што не адзіны вымушаны пакінуць парафію, і адзначыў, што такіх святароў — пяць. Ці меў ён на ўвазе ксяндзоў, якія служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, невядома.