Польшча на чарговы тэрмін у 60 дзён падоўжыла прыпыненне права падаваць хадайніцтвы аб міжнароднай абароне на мяжы з Беларуссю. Пра рашэнне МУСіА Польшчы абвясціла ў нядзелю.
“Бяспека польскіх жанчын і мужчын з’яўляецца прыярытэтам, таму па просьбе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі ўрад прыняў рашэнне аб далейшым падаўжэнні абмежаванняў на права падачы заяў аб міжнароднай абароне на мяжы з Беларуссю. Пастанова, апублікаваная ў Заканадаўчым часопісе, падаўжае дзеянне існуючых правілаў з 22 сакавіка яшчэ на 60 дзён”, — гаворыцца ў паведамленні.
Права хадайнічаць аб міжнароднай абароне на мяжы з Беларуссю было прыпынена з 27 сакавіка 2025 года на тэрмін у 60 дзён. Далейшае падаўжэнне магчыма толькі са згоды Сейма. Польскі парламент ужо ў шосты раз выдаў такі дазвол ураду. Трэба адзначыць, што закон робіць выключэнне для некаторых катэгорый асоб, якія ўсё ж могуць падаваць такія заявы нават у перыяд прыпынення.
Паводле даных МУСіА, з 27 сакавіка 2025 года па 22 лютага 2026 года было прынята 94 заявы ад замежнікаў на мяжы з Беларуссю, разам з тым 451 чалавек атрымалі адмову ў прыёме падобных хадайніцтваў. За аналагічны перыяд 2024–2025 гадоў на мяжы было пададзена 2723 хадайніцтвы ў дачыненні да 3117 чалавек.
