Польшча аднаўляе будаўніцтва дадатковай агароджы на мяжы з Беларуссю — СМІ

Навіны
Фото: Straż Graniczna

Польшча аднаўляе будаўніцтва дадатковай агароджы на мяжы з Беларуссю. Пра гэта паведамляе RMF FM.

Пра будаўніцтва дадатковай агароджы ўздоўж тэхнічнай дарогі, якая пракладзена каля асноўнага плота вышынёй 5,5 м, было абвешчана ў мінулым годзе. Яе планавалі здаць у эксплуатацыю вясной, аднак з-за дрэнных пагодных умоў будаўніцтва ўзімку было перапынена.

Узводзіць агароджу будуць вайскоўцы. Паводле інфармацыі радыёстанцыі, ваенныя інжынеры ўжо прыбылі ў памежныя падраздзяленні і праводзяць кансультацыі па арганізацыі работ.

Дадатковая агароджа з сеткі будзе мець вышыню чатыры метры. На вяршыні плота ўсталююць калючы дрот, а за ім — яшчэ дзве спіралі “калючкі”. Пазаду агароджы таксама хочуць пабудаваць 2-метровы плот, прызначаны для жывёл, каб яны не падыходзілі да агароджы.

Мяркуецца, што дадатковая агароджа стане яшчэ адной перашкодай для парушальнікаў. Яе пераадоленне запатрабуе дадатковага часу, які з’явіцца ў памежнікаў для рэагавання.

Трэба адзначыць, што пагодныя ўмовы ўзімку таксама сталі перашкодай для мігрантаў, якія спрабуюць парушыць мяжу Польшчы з боку Беларусі. З пачатку года польскія памежнікі зарэгістравалі толькі каля 60 спроб парушэння.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.