Патрыярху Варфаламею падчас яго візіту ў Вільнюс перадалі ліст Святланы Ціханоўскай

Галоўнае
Вселенский патриарх Варфоломей. Фото: ec-patr.org

Дарадца Святланы Ціханоўскай па дыпламатычных пытаннях Дзяніс Кучынскі перадаў Канстанцінопальскаму патрыярху Варфаламею ліст ад лідара беларускіх дэмсіл падчас яго візіту ў Вільнюс. Пра гэта ён расказаў тэлеканалу “Белсат”.

Паводле яго слоў, у лісце Ціханоўская выказала падзяку за беларускі прыход Канстанцінопальскага патрыярхату ў Вільнюсе і падкрэсліла яго асаблівае значэнне для беларусаў, вымушаных жыць у эміграцыі. Таксама Кучынскі ўручыў патрыярху спецыяльны падарунак — слуцкі пояс, вышыты майстрам з Варшавы спецыяльна для гэтай сустрэчы.

«Для мяне гэта ўжо другі раз, калі я асабіста размаўляю з Яго Усесвятасцю. Першы раз быў падчас пахавання Папы Францішка. Мы таксама ведаем, што беларускія хрысціянскія актывісты падтрымліваюць кантакт з Канстанцінопальскім патрыярхатам і, думаю, непасрэдна з патрыярхам», — расказаў ён.

Ён адзначыў, што такія візіты патрыярха здараюцца нячаста, таму гэтую падзею можна лічыць гістарычнай. Паводле яго слоў, візіт дапаможа беларускім вернікам адчуваць сябе больш упэўнена, таму што ў іх ёсць свой прыход і супольнасць.

Канстанцінопальскі патрыярх Варфаламей прыбыў у Вільнюс 6 чэрвеня з двухдзённым візітам. Галоўнай падзеяй стала Боская літургія ў храме Святой Тройцы 7 чэрвеня, якую патрыярх узначаліў разам з нядаўна прызначаным экзархам Літвы. Пасля богаслужэння Варфаламей сустрэўся з вернікамі і прыняў удзел у сумеснай трапезе.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.