Пасольства ЗША працягвае працаваць у Кіеве

Пасольства ЗША абвергла інфармацыю пра тое, што яно пакінула Кіеў.

«Пасольства ЗША адкрытае. Ніякіх змен у нашай дзейнасці няма, а ўсе іншыя паведамленні з’яўляюцца ілжывымі», — гаворыцца ў паведамленні дыпламатычнага ведамства.

МЗС Украіны таксама выступіла з адпаведным абвяржэннем.

Раней вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас заявіла, што еўрапейскія дыпламаты застаюцца працаваць у Кіеве, у той час як Амерыка сышла.

«Таксама ўчора мы пачулі з Украіны, што ўсе пасольствы засталіся, акрамя аднаго, таму гэта таксама патрабуе ад гэтых пасольстваў смеласці, але так, усе еўрапейскія засталіся, Амерыка сышла», — сказала яна.

Нагадаем, нядаўна РФ прыгразіла ўдарамі па Кіеве, прапанаваўшы замежнікам пакінуць украінскую сталіцу.

Як піша «РБК-Украіна», дарадца прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага па камунікацыях Дзмітрый Літвін выказаў здагадку, што словы Калас маглі быць звязаныя з масіраваным расійскім ударам па Кіеве ў ноч на нядзелю. Паводле яго слоў, тады была інфармацыя, што амерыканскія дыпламаты выязджалі з украінскай сталіцы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.