Следчы камітэт завяршыў расследаванне ДТЗ з маршруткай, у якім загінулі 6 чалавек. Яно адбылося 10 кастрычніка мінулага года на 72-м км дарогі Р-31 Бабруйск – Мазыр – мяжа Украіны.
46-гадовы кіроўца на мікрааўтобусе Mercedes выконваў рэйс Мінск – Мазыр. Ён зачапіў паўпрычэп трактара, пасля чаго аўтобус выехаў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем Volkswagen.
Паводле версіі следства, кіроўца маршруткі перавысіў хуткасць на 11 км/г, не прыняў меры да яе зніжэння і дапусціў сутыкненне.
“Следчыя высветлілі, што пацярпелыя неаднаразова прасілі кіроўцу маршруткі знізіць хуткасць, аднак ён ігнараваў іх звароты, а адна з пасажырак, спалохаўшыся манеры кіравання абвінавачанага, адмовілася ад паездкі і пакінула транспартны сродак незадоўга да аварыі”, – расказалі ў СК.


