(Абноўлена) Памёр былы палітвязень, фігурант справы «Прэс-клуба» Дзяніс Сакалоўскі, піша “Наша Ніва”.
Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэта адбылося 21 лютага.
Дапоўнена:
Дачка Дзяніса Сакалоўскага Васіліна Сакалоўская пацвердзіла інфармацыю пра яго смерць.
«Ня стала майго таты. Яму было ўсяго 47 гадоў. Пакуль дакладна не ведаю, як і што адбылося. Зараз я проста адчуваю боль і мне трэба зразумець, як жыць далей з гэтым. Але хачу, каб пра майго тату пісалі, каб яго ведалі і памяталі людзі. Бо ён быў цудоўным чалавекам, любіў людзей і вельмі шмат зрабіў для журналістыкі і мастацтва», — напісала яна ў Instagram.
Дзяніс Сакалоўскі быў затрыманы 22 снежня 2020 года па справе «Прэс-клуба» і выйшаў з СІЗА 23 жніўня 2021 года. Праз некаторы час ён вымушана з’ехаў у Германію.
Сакалоўскі працаваў аператарам на тэлеканале «Беларусь-1» больш за дзесяць гадоў і пакінуў кампанію неўзабаве пасля выбараў 2020 года.
