Нацыянальная пракуратура Польшчы паведаміла пра раскрыццё арганізаванай злачыннай групы, удзельнікі якой падазраюцца ў гандлі людзьмі. 10 сакавіка былі затрыманыя трое грамадзян Грузіі і шасцёра грамадзян Польшчы.
У агульнай складанасці ім прад’яўлена 19 абвінавачанняў па артыкулах за ўдзел у арганізаванай злачыннай групе, гандаль людзьмі, садзейнічанне ў незаконным знаходжанні замежнікаў на тэрыторыі Польшчы.
Паводле версіі следства, падазраваныя вербавалі замежнікаў як унутры краіны, так і за мяжой, якім затым дапамагалі застацца ў Польшчы і знайсці працу. Пры гэтым работнікаў уводзілі ў зман адносна працоўнага часу, умоў працы і аб’ёму медыцынскага страхавання, на якое яны мелі права. У замежнікаў забіралі пашпарты і іншыя дакументы, іх пазбаўлялі заработнай платы. З-за адсутнасці сродкаў, дакументаў і дрэннага ведання мовы работнікі не маглі змяніць працу або вярнуцца ў свае краіны.
“У падобнай сітуацыі апынуліся, сярод іншых, грамадзяне Азербайджана, Грузіі, Індыі, Украіны і Беларусі. На момант правядзення расследавання ў арганізацыі працавала каля 150 чалавек”, — паведамілі ў пракуратуры.
Следства працягваецца. Яно вядзецца пад наглядам Сілезскага аддзялення Дэпартамента па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры ў Катавіцах.
Суд па хадайніцтве пракуратуры прыняў рашэнне аб заключэнні пад варту двух фігурантаў. У дачыненні да астатніх сямі асоб ужыты меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі, уключаючы паліцэйскі нагляд, адхіленне аднаго супрацоўніка памежнай службы ад службы і заклад у памеры ад 2 тыс. да 500 тыс. злотых. Пры правядзенні вобшукаў у фігурантаў канфіскаваны наяўныя на суму больш за 400 тыс. злотых.
