Палата прадстаўнікоў прыняла законапраект «Аб ратыфікацыі Пагаднення паміж Урадам Рэспублікі Беларусь і Урадам Султаната Аман аб узаемнай адмене віз».
Пагадненнем прадугледжваецца, што ўладальнікі звычайных пашпартоў, сапраўдных не менш як 6 месяцаў з даты ўезду, могуць без віз знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі і Амана не больш за 30 дзён з даты ўезду. Агульная працягласць іх знаходжання на тэрыторыі дзяржавы іншага боку не павінна перавышаць 90 дзён у каляндарным годзе.
Пагадненне было падпісана ў кастрычніку мінулага года падчас візіту ў Мінск султана Амана Хайсама бен Тарэка Аль Саіда. Для завяршэння ратыфікацыйных працэдур з беларускага боку прыняты сёння законапраект яшчэ павінен ухваліць Савет Рэспублікі і падпісаць Аляксандр Лукашэнка.
Дэпутаты таксама сёння прынялі шэраг іншых законапраектаў. У прыватнасці, у першым чытанні прыняты праекты:
- «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі»,
- «Аб ідэнтыфікацыі, рэгістрацыі, прасочвальнасці жывёл (стадаў), ідэнтыфікацыі і прасочвальнасці прадуктаў жывёльнага паходжання»,
- «Аб змяненні законаў па пытаннях фізічнай культуры, спорту і турызму».
