Расія сёння ноччу здзейсніла новы масіраваны налёт на ўкраінскія гарады. Паводле дадзеных Паветраных сіл УСУ, было выпушчана 666 дронаў і ракет, асноўным напрамкам удару быў Дняпро. Расіяне ўжылі 12 балістычных ракет, 29 крылатых ракет Х-101, адну ракету “Іскандэр-К”, 5 крылатых ракет “Калібр” і 619 беспілотнікаў розных тыпаў.
Украінская СПА змагла перахапіць 610 сродкаў паражэння, у тым ліку 26 крылатых ракет Х-101, 4 ракеты “Калібр” і 58 беспілотнікаў.
Зафіксаваны трапленні 13 ракет і 36 беспілотнікаў у 23 лакацыях, а таксама падзенне абломкаў у 9 месцах.
У Дняпры часткова разбураны чатырохпавярховы жылы дом. Таксама пашкоджаны аб’ект прамысловай інфраструктуры, прыватныя дамы, аўтамабілі і крама. Пацярпелі 14 чалавек, у тым ліку 9-гадовы хлопчык. Дзевяці пацярпелым спатрэбілася шпіталізацыя.
У Харкаве мясцовыя ўлады паведамілі пра пашкоджанне газаправода, прыватных дамоў, транспартнай інфраструктуры.
Пад Мікалаевам пашкоджана ЛЭП. Без святла засталіся шэсць населеных пунктаў.
У Белай Царкве на Кіеўшчыне ўзнік пажар і моцнае задымленне. Жыхароў заклікаюць зачыніць вокны і менш знаходзіцца на вуліцы.
У Херсоне з-за атакі дронаў паранены два чалавекі ў Карабельным раёне.
