Новай мэтай ЗША ў Венесуэле можа стаць міністр унутраных спраў Дыясдада Кабэлья. Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Паводле інфармацыі агенцтва, амерыканскі бок папярэдзіў Кабэлья, які ўзначальвае сілы бяспекі, што ён можа стаць мэтай ЗША, калі не дапаможа часовай прэзідэнтцы Дэлсі Радрыгес выканаць патрабаванні Злучаных Штатаў і падтрымліваць парадак. Крыніцы агенцтва мяркуюць, што амерыканскія чыноўнікі занепакоеныя суперніцтвам Кабэлья і Радрыгес, таму імкнуцца прымусіць яго да супрацоўніцтва, адначасова шукаючы спосабы ў канчатковым выніку зрушыць яго і адправіць у выгнанне.
Кабэлья таксама кантралюе нефармальныя прапраўладныя групы «калектывас», якія патэнцыйна могуць справакаваць вулічныя беспарадкі.
Кабэлья, як і Мадура, абвінавачваецца ў датычнасці да гандлю наркотыкамі. Крыніцы агенцтва таксама называюць сярод патэнцыйных мэтаў і міністра абароны Уладзіміра Падрына, аднак у амерыканскай адміністрацыі мяркуюць, што ён больш прагматычны і настроены на супрацоўніцтва.
