За мінулыя суткі вялікія снегапады і моцны вецер парушылі энергазабеспячэнне ў 251 населеным пункце, паведамілі ў Мінэнерга.
Былі абясточаныя 997 трансфарматарных падстанцый, 30 ферм, 6 кацельняў.
“Адключэнні зафіксаваныя пераважна ў Віцебскай, Мінскай і Гомельскай абласцях. 💨Моцны снегапад, мяцеліца і шквалісты вецер, парывы якога дасягалі 15–20 м/с, уначы месцамі — да 24 м/с, прывялі да падзення дрэў і галін на лініі электраперадачы, іх абрыву. Найбольш з-за непагадзі пацярпелі Полацкі, Маладзечанскі, Слуцкі, Мінскі, Рэчыцкі і Жлобінскі раёны”, — расказалі ў міністэрстве.
Паводле даных на 7 раніцы 9 студзеня аднаўленчыя работы працягваюцца ў 44 населеных пунктах. У ліквідацыі наступстваў цыклону былі задзейнічаныя 76 аварыйных брыгад.
Сёння ў Беларусі захаваюцца складаныя ўмовы надвор’я. «Мінсктранс» ужо паведамляе пра перабоі ў працы грамадскага транспарту. Энергетыкі працягнуць працу ва ўзмоцненым рэжыме. У Мінэнерга арганізаваны штаб для кантролю сітуацыі і прыняцця дадатковых мер для як мага хутчэйшага аднаўлення электразабеспячэння.
