Нацыянальны банк у снежні быў чыстым пакупніком валюты. Пра гэта паведаміў першы намеснік старшыні праўлення рэгулятара Аляксандр Ягораў. Паводле яго слоў, гэта не тыпова.
“Адзін з самых важных фактараў на працягу ўсяго года — гэта чыстая купля замежнай валюты Нацбанкам. Пры гэтым нават у снежні Нацбанк упершыню за апошнія пяць гадоў назіранняў выступіў чыстым пакупніком замежнай валюты.
Хаця традыцыйна, вядома, у снежні імпарцёры закупляюць вялікі аб’ём валюты. Гэта звязана, у тым ліку, з вялікімі святамі ў студзені з Расіяй для таго, каб загадзя аплаціць пастаўкі тавараў, і звязана з завяршэннем інвестыцыйных праектаў і канчатковымі разлікамі за інвестыцыйны імпарт. Але тым не менш у снежні мы назіралі такую нестандартную для гэтага месяца карціну з пункту гледжання чыстай куплі валюты Нацыянальным банкам”, — сказаў ён, каментуючы фактары росту золатавалютных рэзерваў Беларусі.
Нагадаем, на гэтым тыдні ў Нацбанку паведамілі, што ЗВР краіны перавысілі 14,4 млрд долараў. У снежні яны выраслі на 526,1 млн долараў, з якіх 296,9 млн долараў прыйшлося на павелічэнне рэзерваў у замежнай валюце. За мінулы год ЗВР выраслі на 5,5 млрд долараў, у тым ліку кошт манетарнага золата павялічыўся на 2,95 млрд долараў, а актывы ў замежнай валюце — на 2,49 млрд долараў.
Паводле слоў Ягорава, калі б у мінулым годзе не было такога значнага росту цэн на золата, рэзервы краіны ўсё роўна б павялічыліся.
“Нават без уліку росту цэн на золата мы б мелі паказчык каля 11,5 млрд долараў, што, з нашага пункту гледжання, таксама вельмі добры паказчык. Так, гэта не тыя б былі тры месяцы, больш за тры месяцы імпарту, якія мы маем цяпер. Але тым не менш укладанні ў золата — гэта ж таксама доўгатэрміновая стратэгія Нацыянальнага банка, якую пачалі рэалізоўваць з сярэдзіны двухтысячных гадоў. І цяпер маем той вынік, які дазваляе гаварыць у тым ліку пра поспехі нашай эканомікі”, — дадаў ён.
Трэба адзначыць, што памер ЗВР па выніках 2025 года ўдвая перавысіў мэтавы паказчык грашова-крэдытнай палітыкі, які складаў 7,1 млрд долараў. Па выніках 2026 года мяркуецца, што ЗВР павінны скласці не менш за 9,2 млрд долараў.
