На тэрыторыі Мазырскага НПЗ усталявана сістэма супрацьпаветранай абароны, якая нагадвае ЗРК «Тор», піша «Схемы», праект «Радыё Свабода».
Журналісты вывучылі спадарожнікавыя здымкі за 2025 год і ўстанавілі, што ўладкаванне пазіцыі для сістэмы ППА на тэрыторыі завода пачалося ў студзені 2025 года, а праз сем месяцаў там з’явіўся зенітна-ракетны комплекс.
Улетку 2025 года спадарожнік зафіксаваў на тэрыторыі НПЗ сістэму, падобную да расійскага ЗРК «Тор-М2».
«Мы бачым, што ў аб’екта на здымку цень падобны да танка (вежа і шасі), а яго даўжыня-шырыня дакладна адпавядае памерам такой сістэмы, як «Тор». Хутчэй за ўсё, гэта сучасны «Тор-М2», які вырабляецца, у прыватнасці, на шасі Мінскага завода колавых цягачоў», — заявіў праекту авіяэксперт Анатоль Храпчынскі. Ён лічыць усталяванне такога ЗРК лагічным, бо комплекс арыентаваны на паражэнне нізкавышынных, малапамерных цэляў, у прыватнасці, ударных дронаў.
Мінабароны паведамляла пра прыбыццё ў Беларусь батарэй «Тор-М2» у снежні 2024 года і ў лістападзе 2025 года.

