У дачыненні да былога палітвязня Ільі Міронава узбуджаная крымінальная справа паводле артыкула аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (ч. 1 арт. 235 КК).
Фота Міронава размешчанае на інфармацыйным стэндзе РАУС Гомеля.
«Гэта відавочная спроба лукафашыстаў перавесці палітычны пераслед у эканамічную плоскасць. Логіка каральных органаў простая: раз я дапамагаў людзям, значыць, «адмываў». Але праўда ў тым, што ўся мая «крымінальная дзейнасць» пасля выхаду з СІЗА-3 Гомеля заключалася ў адкрытай грамадзянскай салідарнасці:
1. Рабіў пераводы тым, хто заставаўся за кратамі.
2. Пісаў лісты падтрымкі і аплачваў рахункі за сваё ўласнае ўтрыманне ў ІЧУ.
3. Маніторыў судовыя паседжанні і дзяліўся атрыманай інфармацыяй з незалежнымі медыя і праваабаронцамі.
Знаходзячыся ў Літве, я працягваю падтрымліваць незалежныя медыя, праваабаронцаў і ВСУ (у тым ліку беларускіх добраахвотнікаў)», — напісаў Міронаў у Facebook.
Актывіст лічыць, што новая крымінальная справа ўзбуджаная, каб дыскрэдытаваць ідэю дапамогі і абмежаваць яго дзейнасць за мяжой.
«Мая выснова простая: абвінавачанне ў «адмыванні грошай» — гэта прызнанне бяссілля злачыннага рэжыму лукашэнкі. Яны не могуць спыніць салідарнасць, таму спрабуюць яе крыміналізаваць.
Я працягваю сваю працу, вучобу і падтрымку тых, каму зараз цяжэй за ўсё. Ніякія арыенціроўкі на сценах РАУС не зменяць таго факта, што дапамагаць людзям — гэта не злачынства, а абавязак кожнага сумленнага чалавека», — напісаў Міронаў.
Ілья Міронаў — актывіст з Гомеля. У 2022 годзе яго прысудзілі да 1,5 года калоніі паводле артыкула аб дыскрэдытацыі Беларусі. Міронава вызвалілі ў зале суда, бо ў тэрмін быў залічаны перыяд утрымання пад вартай у СІЗА. Пасля гэтага яго некалькі разоў затрымлівалі паводле адміністрацыйных артыкулаў. Міронаў з’ехаў з Беларусі.