МЗС Германіі пацвердзіла папярэджанне аб небяспецы паездак у Беларусь

Галоўнае
Фото: unsplash.com

Міністэрства замежных спраў Германіі пацвердзіла дзеянне афіцыйнага папярэджання аб небяспецы паездак у Беларусь. Дакумент, абноўлены 25 красавіка 2026 года, папярэджвае нямецкіх грамадзян пра рызыкі адвольных затрыманняў, крымінальнага пераследу і абмежаванняў на выезд.

У ведамстве нагадваюць пра пагрозу адвольных затрыманняў і крымінальнага пераследу. Адзначаецца, што арышты могуць адбывацца ў любы час па сфабрыкаваных падставах і служыць інструментам палітычнага ціску. За цяжкія абвінавачанні, уключаючы «дыверсію супраць дзяржавы» або «тэрарызм», прадугледжана смяротнае пакаранне.

Крымінальныя нормы наўмысна сфармуляваны “размыта” і могуць распаўсюджвацца на паўсядзённыя паводзіны, якія не з’яўляюцца злачынствам у Германіі. Асабістая перапіска, фатаграфіі, запісы ў мэсэнджарах і дзённіках могуць быць выкарыстаны супраць іх уладальніка. МЗС таксама папярэджвае, што вэб-сайты і профілі ў сацыяльных сетках могуць быць адвольна прызнаны “экстрэмісцкімі”.

Падкрэсліваецца, што забаронена любая дэманстрацыя сімволікі і распаўсюджанне матэрыялаў на тэматыку ЛГБТК+ — парушальнікам пагражаюць штрафы, адміністрацыйны арышт і высылка з краіны.

Забаронена фатаграфаваць ваенныя аб’екты і месцы стратэгічнага значэння. Ужыванне алкаголю за рулём і ў грамадскіх месцах забаронена. Нават мінімальная колькасць наркатычных рэчываў пры ўвозе пагражае шматгадовым зняволеннем.

Шэраг памежных пераходаў з Польшчай, Літвой і Латвіяй закрыты. Выкарыстанне нееўрапейскіх банкаўскіх карт абмежавана, а вываз наяўных еўра ў Беларусь забаронены заканадаўствам ЕС.

МЗС рэкамендуе зрабіць прышчэпкі ад гепатыту А і клешчавога энцэфаліту, паколькі Беларусь з’яўляецца зонай рызыкі па апошнім захворванні ў перыяд з красавіка па кастрычнік. Таксама фіксуюцца выпадкі шаленства і туберкулёзу, у тым ліку яго ўстойлівых формаў. Паводле даных МЗС ФРГ, медыцынская дапамога па-за межамі буйных гарадоў “часта не адпавядае заходнееўрапейскім стандартам”.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.