У Расіі прызначаны новы кіраўнік Рассупрацоўніцтва — Федэральнага агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія пражываюць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве. Згодна з указам Уладзіміра Пуціна, новым кіраўніком арганізацыі стаў Ігар Чайка. Ён змяніў на гэтай пасадзе Яўгена Прымакова.
Ігар Чайка — сын былога генеральнага пракурора Расіі Юрыя Чайкі, уладальнік найбуйнейшага расійскага рэгіянальнага аператара «Хартыя» па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі. У 2015 годзе ФБК выпусціў расследаванне пра бізнес сыноў Юрыя Чайкі.
У 2020 годзе Ігар Чайка і яго брат Арцём прынялі ўдзел у мотапрабегу разам з сынамі Аляксандра Лукашэнкі Віктарам і Дзмітрыем. Арцём Чайка і Віктар Лукашэнка з’яўляюцца заснавальнікамі мотаклуба Iron Birds Chapter — лакальнага падраздзялення Міжнароднай супольнасці ўладальнікаў матацыклаў Harley-Davidson.
Адной з задач Рассупрацоўніцтва з’яўляецца прасоўванне «рускага свету». Арганізацыя адкрывае «Рускія дамы» ў розных краінах. Рассупрацоўніцтва знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза і іншых краін. Гэтую дзяржаўную структуру разглядаюць як «галоўны дзяржаўны орган, які праецыруе мяккую сілу і гібрыдны ўплыў Крамля, уключаючы прасоўванне канцэпцыі «рускага свету».
