«У працэсе разбурэння» — так азагалоўлена Мюнхенская справаздача па бяспецы 2026 года. Сярод асноўных пагроз для Еўропы называюцца «бульдозерная палітыка» прэзідэнта ЗША, пагрозы з боку «разбуральнікаў» і ўласная пасіўнасць. Мір ва Украіне рызыкуе аказацца нетрывалым, а Расія здольная аднавіць сілы для новай вайны за два гады. Згадваецца ў справаздачы і наша краіна. Зрэшты, ганарыцца ў сувязі з гэтым фактам нам абсалютна няма чым.
У прадмове да дакумента старшыня Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Вольфганг Ішынгер адзначае — свет уступіў у перыяд глыбокай нявызначанасці. «Рэдка калі ў сучаснай гісторыі адначасова ўзнікала столькі фундаментальных пытанняў: пра бяспеку Еўропы, пра ўстойлівасць трансатлантычнага партнёрства і пра здольнасць сусветнай супольнасці кіраваць усё больш складаным і канкурэнтным светам».
Людзі-разбуральнікі
Прыход «людзей-разбуральнікаў» (Demolition Men) — гэтую метафару аўтары справаздачы выкарыстоўваюць для апісання бягучага стану сусветнай палітыкі.
Гаворка ідзе пра лідараў, якія прыходзяць да ўлады, абяцаючы не рэфармаваць, а дэмантаваць існуючыя грамадскія інстытуты, якія яны называюць безнадзейна састарэлымі і нават шкоднымі. Аб’ядноўвае «разбуральнікаў» не столькі агульная праграма, колькі спосаб дзеяння: яны «хутка прасоўваюцца наперад, ламаючы ўсё вакол». Хуткасць дэмантажу найпершая, а да карпатлівай адаптацыі грамадскіх інстытутаў пад сучасныя патрабаванні ім няма справы.
Сярод найбольш яркіх і ўплывовых прадстаўнікоў руху «разбуральнікаў» у дакуменце называюцца прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэзідэнт Аргенціны Хаўер Мілей і прадпрымальнік Ілон Маск з яго «Дэпартаментам урадавай эфектыўнасці» (DOGE).
Прычынай папулярнасці «разбуральнікаў» аўтары называюць «глыбокае расчараванне грамадства ў здольнасці традыцыйных сістэм вырашаць надзённыя праблемы» і крызіс даверу — даныя праведзеных у дзяржавах G7 сацапытанняў дэманструюць: толькі малая доля насельніцтва верыць, што палітыка іх урадаў палепшыць жыццё будучых пакаленняў.
Многія і ўвогуле ўспрымаюць дэмакратычныя структуры і міжнародныя арганізацыі (ААН, СГА і іншыя) як празмерна забюракратызаваныя і няздольныя да абнаўлення. У гэтым кантэксце палітыкі з «бульдозерамі і бензапіламі» карыстаюцца падтрымкай у значнай часткі насельніцтва. Пры гэтым часта «разбуральнікі» зносяць старыя структуры, не маючы выразнага плана таго, што неабходна ствараць узамен.
Справаздача папярэджвае пра сур’ёзныя рызыкі, якія нясе прыхільнасць да такой палітыкі. Так, на змену планамернаму супрацоўніцтву і ўсталяваным правілам прыходзяць разавыя здзелкі. Дамінуюць не міжнародныя нормы, а рэгіянальныя гегемоны і фактар сілы.
Як гэтаму супрацьстаяць? Аўтары справаздачы сцвярджаюць, што абаронцы сусветнага парадку больш не могуць абапірацца на «асцярожную дыпламатыю». Каб спыніць «разбуральнікаў», неабходна праяўляць смеласць: быць у рэформах такімі ж рашучымі, як апаненты — у разбурэнні.
Сігнал трывогі для Еўропы
Сёлета асаблівая ўвага аўтараў справаздачы прыкавана да змененай ролі ЗША ў міжнароднай сістэме адносін. Доўгія гады саюзнікі ЗША абапіраліся на амерыканскую моц і на агульнае разуменне прынцыпаў сусветнага парадку. Сёння такі падыход ужо не ўяўляецца правільным.
Адзначаецца, што «бульдозерная палітыка» прэзідэнта ЗША Трампа прывяла да падрыву даверу з боку традыцыйных саюзнікаў Вашынгтона, якія больш не могуць абапірацца на ранейшыя гарантыі бяспекі.
Знешняя палітыка ЗША, на думку распрацоўшчыкаў дакумента, стала меркантыльнай. Падтрымка саюзнікаў больш не з’яўляецца безумоўнай — яна залежыць ад таго, колькі яны плацяць і наколькі выгадныя Вашынгтону эканамічна. Доступ да амерыканскага «ядзернага парасона» наўпрост звязваецца з пакупкай амерыканскіх тавараў і зброі. Напрыклад, заключанае ў мінулым годзе гандлёвае пагадненне паміж ЗША і ЕС апісваецца ў справаздачы як «вымушаная саступка Еўропы дзеля захавання абароны». У справаздачы гаворыцца пра «жах» еўрапейскіх саюзнікаў перад непастаянствам цяперашняй амерыканскай адміністрацыі.
Аўтараў справаздачы бянтэжыць і «неабгрунтаваная сімпатыя» Дональда Трампа да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна, а таксама гатоўнасць адміністрацыі ЗША заключыць здзелку па Украіне за спінай Еўропы.
«Найбольш значная пагроза»
Расія ў дакуменце называецца «найбольш значнай і непасрэднай пагрозай» НАТА і бяспецы Еўропы. Аўтары канстатуюць, што прэзідэнт Пуцін прасоўвае вайну як «цывілізацыйнае супрацьстаянне» паміж Расіяй і Захадам і выкарыстоўвае яе для ўмацавання ўласнай падтрымкі сярод насельніцтва РФ.
Расія цалкам перайшла ў рэжым ваеннай эканомікі: 40% федэральнага бюджэту на 2025 год (каля 8% ВУП) накіравана на абарону і бяспеку. Акрамя таго, Крэмль узмацніў кампанію гібрыднай агрэсіі ў Еўропе, уключаючы кібератакі, сабатаж, падпалы і парушэнні паветранай прасторы (напрыклад, інцыдэнты ў Польшчы і Эстоніі ў верасні 2025 года). Мэта — запалохаць жыхароў еўрапейскіх краін і аслабіць падтрымку Украіны. Але рэгулярнае «бразганне ядзернай зброяй» сведчыць пра тое, што ваенная пагроза з боку РФ выходзіць далёка за межы Украіны.
Еўрапейскія лідараў асцерагаюцца таго, што ЗША могуць заключыць здзелку з Пуціным без уліку інтарэсаў Еўропы і Украіны. У справаздачы цытуецца прэзідэнт Уладзімір Зяленскі: «Калі не Брусель, то Масква. Гэта ваш выбар. Гэта геапалітыка».
Пры гэтым, нягледзячы на тое, што большасць еўрапейскіх палітыкаў лічаць Расію адной з асноўных пагроз, у агульным рэйтынгу рызык для краін G7 яна апусцілася з другога на восьмае месца. Аўтары называюць гэта адной з самых трывожных тэндэнцый грамадскай думкі. Замест гэтага ў G7 грамадская ўвага пачала змяшчацца ў бок эканамічных рызык і гандлёвых войнаў. Ніжэйшыя пазіцыі ў спісе пагроз, чым у сярэднім па G7, РФ заняла ў Германіі і ў Італіі. Успрыманне Расіі як актуальнай пагрозы знізілася ў параўнанні з пікавымі значэннямі 2022–2024 гадоў у ЗША, у Канадзе і ва Францыі. Выключэнні — толькі Вялікабрытанія і Японія, дзе Расія па-ранейшаму стабільна ўваходзіць у топ-3 галоўных пагроз бяспецы.
Гэтую дынаміку аўтары справаздачы называюць прыкметай «небяспечнай стомленасці» ад працяглай вайны і падтрымкі Украіны.
Не трывалы мір, а перадышка
Нягледзячы на страты і міжнародны ціск, Крэмль не выяўляе прыкмет адмовы ад сваіх «максімалісцкіх мэт» у развязанай вайне супраць Украіны. Адзначаецца, што да пачатку 2026 года Расіі ўдалося вярнуць сабе тактычную ініцыятыву на некаторых участках фронту. Пры гэтым адміністрацыя Трампа імкнецца да хуткага спынення вайны, аказваючы «значны ціск на Украіну», каб тая аддала РФ частку сваёй тэрыторыі. У справаздачы гэта характарызуецца як «фактычнае ўхваленне тэрытарыяльнай экспансіі».
Намаганні прэзідэнта Трампа па ўсталяванні міру, мяркуюць аўтары, могуць прынесці часовую перадышку. Але яны не ліквідуюць ключавыя прычыны расійска-ўкраінскага супрацьстаяння. А таму наўрад ці прывядуць да доўгатэрміновага і трывалага міру.
Пры гэтым разведслужбы краін НАТА папярэджваюць: ужо праз два гады пасля патэнцыйнага спынення агню ва Украіне Расія можа аднавіць сілы для вайны ў Балтыйскім рэгіёне, а для лакальнага нападу на каго-небудзь з краін-суседзяў ёй спатрэбіцца ўсяго шэсць месяцаў.
Міралюбная Беларусь
Наша краіна ў справаздачы згадваецца ўсяго адзін раз. І зусім не ў станоўчым ключы.
Беларусь, разам з Расіяй, Іранам і Паўночнай Карэяй, уваходзіць у лік краін, якія жыхары шэрагу еўрапейскіх дэмакратый успрымаюць як пагрозу. Гэта вынікае з вынікаў апытання грамадскай думкі, праведзенага ў лістападзе 2025 года ў краінах G7, а таксама ў Бразіліі, Кітаі, Індыі і ЮАР. Падчас даследавання рэспандэнтаў прасілі ацаніць розныя краіны як «саюзнікаў» або ж як «пагрозу».

Згодна з індэксам, «чысты паказчык» успрымання Беларусі ў гэтых краінах (доля тых, хто лічыць яе саюзнікам, мінус доля тых, хто лічыць яе пагрозай) з’яўляецца глыбока адмоўным. І гэта ставіць нашу краіну ў адзін шэраг з найбольш варожа ўспрымальнымі дзяржавамі. Асабліва Беларусі асцерагаюцца жыхары Канады, Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі. А вось у партнёраў Расіі па БРІКС успрыманне іншае — да патэнцыйных пагроз удзельнікі апытання з гэтых краін Беларусь не адносяць.
«Канец бясплатнага праезду»
У дакуменце наўпрост гаворыцца пра тое, што Еўропа апынулася ў сітуацыі «стратэгічнай адзіноты» і павінна радыкальна перагледзець свой падыход да бяспекі і эканомікі.
Аўтары заклікаюць еўрапейскія краіны і астатніх прыхільнікаў ліберальнага парадку перастаць спадзявацца на вяртанне да «старых добрых часоў» і пачынаць будаваць новую структуру бяспекі і эканоміку, якія маглі б быць эфектыўнымі ў свеце, дзе ЗША больш не з’яўляюцца безумоўным гарантам стабільнасці.
Сцвярджаецца, што эпоха, калі Еўропа пры мінімальных уласных выдатках магла абапірацца на «амерыканскі парасон», скончылася назаўсёды. Час «бясплатнага праезду» незваротна мінуў. Неабходныя ўласныя еўрапейскія інвестыцыі ў «жорсткую сілу». Краіны ЕС павінны не проста траціць на абарону больш — 2% ВУП ужо лічацца недастатковымі, — але ствараць адзіную абаронную прамысловую базу. Рэкамендуецца перайсці ад закупак амерыканскай зброі да развіцця ўласных еўрапейскіх сістэм узбраенняў, каб зменшыць залежнасць ад палітычных рашэнняў Вашынгтона.
Актуальным становіцца і пытанне пра праграму еўрапейскага ядзернага стрымлівання на базе патэнцыялаў Францыі і Вялікабрытаніі, паколькі давер да ядзерных гарантый ЗША пры Трампе сур’ёзна падарваны.
Еўропа павінна быць гатовая да поўнамаштабнай гандлёвай вайны з Вашынгтонам. Аўтары раяць ЕС дзейнічаць адзіным блокам, выкарыстоўваючы сваю рыначную моц для адказных мер. Гэта неабходна для таго, каб не даць адміністрацыі Трампа магчымасці ўступаць у эканамічную канфрантацыю з кожнай еўрапейскай краінай паасобку. Неабходна аператыўна шукаць новых гандлёвых партнёраў у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы і Паўднёва-Усходняй Азіі, каб кампенсаваць магчымыя страты ад амерыканскіх пошлін і залежнасць ад Кітая.
Замест таго, каб наракаць на разбурэнне старых інстытутаў, еўрапейцам прапануецца самім стаць архітэктарамі новых фарматаў супрацоўніцтва. Такі падыход у справаздачы названы «Смелым будаўніцтвам» (Bolder Builders). Так, калі буйныя міжнародныя арганізацыі — ААН, СГА і іншыя — паралізаваныя і неэфектыўныя, Еўропе варта ствараць невялікія гнуткія кааліцыі з «дзяржавамі-аднадумцамі». У якасці прыкладу такіх краін у справаздачы называюцца Канада, Японія, Аўстралія і Паўднёвая Карэя.
Аўтары справаздачы заклікаюць Еўропу падрыхтаваць сцэнары, пры якіх ёй давядзецца несці асноўнае, а то і поўнае бярэмя падтрымкі Украіны. Калі Еўропа дазволіць Трампу і Пуціну дамовіцца за сваёй спінай, гэта стане «геапалітычным самагубствам» для ЕС і зробіць наступнай мэтай агрэсіі РФ краіны Балтыі або Польшчу, папярэджваюць яны.
З Вашынгтонам жа трэба навучыцца размаўляць мовай цяперашняй адміністрацыі ЗША. Замест апеляцый да агульных каштоўнасцяў і дэмакратыі, Еўропе трэба прапаноўваць ЗША канкрэтныя здзелкі, каб мінімізаваць шкоду ад рашэнняў Трампа.
«Лепшая абарона ад палітыкі разбурэння — гэта ўласная здольнасць да стварэння», — рэзюмуюць эксперты. Еўропа павінна перастаць быць аб’ектам палітыкі і стаць самастойным суб’ектам, здольным абараніць свае інтарэсы нават ва ўмовах варожасці з боку свайго галоўнага гістарычнага саюзніка.
Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»
