У ноч на 30 мая Украіна нанесла ўдар па ваенным аэрадроме ў Таганрогу. Камандуючы сіламі беспілотных сістэм Украіны Роберт «Мадзяр» Броўдзі паведаміў аб знішчэнні аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр» і двух самалётаў Ту-142 — далёкіх супрацьлодкавых самалётаў на базе стратэгічнага бамбардзіроўшчыка.
Паводле яго слоў, удар быў нанесены сіламі 1-га аператыўнага цэнтра СБС пры каардынацыі новастворанага Цэнтра глыбіннага паражэння.
Як паведаміў губернатар Растоўскай вобласці Юрый Слюсар, атака закранула некалькі аб’ектаў і населеных пунктаў Растоўскай вобласці. У порце Таганрога загарэліся танкер, рэзервуар з палівам і адміністрацыйны будынак. Пажар пасля быў ліквідаваны, паводле слоў кіраўніка рэгіёна, уцечкі мазуту не зафіксавана.
У прыватны дом у Таганрогу трапіў беспілотнік, пацярпелі мужчына і жанчына, абодва шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасці. У сяле Грэкава-Цімафееўка Матвеева-Курганскага раёна абломкі дрона выклікалі ўзгаранне газавай трубы, пашкоджаныя дах і шкленне, жыхары эвакуяваныя. У Няклінаўскім раёне і Сальску пашкоджана шкленне ў жылых дамах.
Паводле сцвярджэння Слюсара, падчас адбіцця атакі было знішчана амаль паўсотні беспілотнікаў. Акрамя Таганрога ўдары былі нанесены па Растове-на-Доне, Сальску, Чарткоўскім, Матвеева-Курганскім, Няклінаўскім, Мілераўскім, Тарасаўскім, Шолахаўскім і Верхнядонскім раёнах.