Міністэрства сувязі і інфарматызацыі пастановай №38 ад 22 снежня ўстанавіла пачатковы аб’ём трафіку на «безлімітных» тарыфных планах мабільных аператараў. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Яго асноўныя палажэнні ўступаюць у сілу праз месяц.
“Устанавіць пачатковы аб’ём паслуг перадачы даных без абмежавання хуткасці перадачы даных па напрамку да абанента для абанентаў сетак сотавай рухомай электрасувязі ў памеры 30 Гб у месяц на тарыфных планах з неабмежаваным аб’ёмам паслуг перадачы даных”, — гаворыцца ў пастанове.
У ёй таксама прапісана, што пры вычарпанні гэтага аб’ёму хуткасць перадачы даных павінна быць зніжана да 1 Мбіт/с па напрамку да абанента. Пры гэтым аператары могуць прадаставіць абаненту за плату дадатковыя паслугі перадачы даных без абмежавання хуткасці.
Аператары павінны прывесці дамовы аб аказанні паслуг і тарыфныя планы ў адпаведнасць з патрабаваннямі пастановы.
