Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання пастановай №35 ад 10 красавіка ўстанавіла максімальныя адпускныя цэны на пладова-агароднінную прадукцыю. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.
У пастанове вызначаны цэны, па якіх вытворцы будуць пастаўляць гародніну ў стабілізацыйныя фонды, а стабфонды — у гандлёвыя сеткі.
Адпускныя цэны на прадукцыю, якая рэалізуецца вытворцам юрыдычным асобам у мэтах выканання дзяржзаказу, устаноўлены без ПДВ за 1 кг. Пры гэтым цэны вызначаны без уліку выдаткаў на дастаўку і з улікам выдаткаў на дастаўку. Яны складуць за кілаграм:
- на бульбу — 66 капеек без выдаткаў на дастаўку і 69 капеек з улікам выдаткаў на дастаўку (+3 капейкі ў параўнанні з 2025 годам),
- на буракі — 69 капеек і 72 капейкі, адпаведна (+3 капейкі),
- на моркву — 78 і 82 капейкі (+3 капейкі),
- на капусту — 98 (+4 капейкі) і 1,03 рубля (+5 капеек),
- на цыбулю — 1,05 і 1,1 рубля (+5 капеек),
- на яблыкі — 2,73 (+13 капеек) і 2,86 рубля (+15 капеек).
Максімальныя адпускныя цэны на прадукцыю, якая пастаўляецца ў сеткі са стабфондаў з улікам выдаткаў на захоўванне, таксама вызначаны без ПДВ з улікам выдаткаў на дастаўку і без іх. Яны складуць:
- на бульбу — 71 капейка без выдаткаў на дастаўку і 74 капейкі з улікам выдаткаў на дастаўку (+3 капейкі),
- на буракі — 78 капеек і 82 капейкі, адпаведна (+4 капейкі),
- на моркву — 90 і 94 капейкі (+4 капейкі),
- на капусту — 1,08 і 1,11 рубля (+5 капеек),
- на цыбулю — 1,12 (+5 капеек) і 1,18 рубля (+6 капеек),
- на яблыкі — 3,2 рубля (+15 капеек) і 3,36 рубля (+16 капеек).
Цэны, па якіх прадукцыя са стабілізацыйных фондаў будзе прадавацца ў крамах, пазней вызначыць МАРГ.
