Міністэрства працы і сацыяльнай абароны выступіла з падрабязным каментарыем да пастановы Савета Міністраў аб зменах у сістэме сацыяльнага страхавання і пенсійнага забеспячэння.
Як паведамілі ў прэс-службе Мінпрацы, дакумент накіраваны на далейшае спрашчэнне ўзаемадзеяння грамадзян і арганізацый з ФСАН, а таксама на пашырэнне мер падтрымкі для асобных катэгорый.
Так, для наймальнікаў падоўжаны тэрмін здачы формы ПУ-2 пры звальненні работнікаў на адзін рабочы дзень. Адменена неабходнасць прадстаўляць анкету ПУ-1 (для змянення анкетных дадзеных) за грамадзян, у якіх у дакуменце ўжо ёсць ідэнтыфікацыйны нумар.
Для дакладнага ўліку стажу работнік органа Фонду самастойна запоўніць звесткі аб прыёме і звальненні (форма ПУ-2) і індывідуальныя звесткі (форма ПУ-3) на падставе працоўнай кніжкі ў выпадках, калі:
- на падставе запісу аб звальненні ў працоўнай кніжцы, калі працадаўца не выплачваў абавязковыя страхавыя ўзносы і не прадстаўляў дакументы персаніфікаванага ўліку на працягу каляндарнага года;
- арганізацыя была ліквідавана.
Таксама работнікі ФСАН будуць фарміраваць справаздачнасць (форму ПУ-3):
- для індывідуальных прадпрымальнікаў, плацельшчыкаў адзінага падатку і іншых збораў — на падставе даных аб выплаце ўзносаў;
- для адвакатаў, натарыусаў і асоб, якія працуюць за мяжой, — пры поўнай выплаце ўзносаў за справаздачны год.
Для тых, хто жадае добраахвотна выплачваць страхавыя ўзносы, уведзена дыстанцыйная рэгістрацыя праз «Асабісты кабінет плацельшчыка» на партале ФСАН. Спрошчана працэдура пастаноўкі на ўлік для адвакатаў і натарыусаў дзякуючы электроннаму ўзаемадзеянню паміж ведамствамі.
У пастанове пашыраны пералік выпадкаў, калі працуючым грамадзянам выплачваецца дапамога па доглядзе за інвалідам I групы (уключаючы стацыянарнае лячэнне, рэабілітацыю і хваробу самога даглядальніка).
Для самазанятых (ІП, рамеснікі, «падатак на прафдаход» і інш.) істотна спрошчаны разлік дапамог па бальнічным і па цяжарнасці і родах — цяпер ён грунтуецца на фактычна выплачаных узносах.
Пры разліку дапамог улічваецца перыяд ваеннай службы, што забяспечвае больш справядлівы памер выплат.
Замацавана права на атрыманне дапамогі ў мінімальным памеры без дадатковых умоў для работнікаў, якія ў разліковым перыядзе навучаліся на дзённай форме, а таксама для асоб, якія ажыццяўляюць догляд за дзецьмі-інвалідамі, інвалідамі I групы або пажылымі людзьмі старэйшымі за 80 гадоў.