Мінфін будзе вызначаць аўдытараў для працы з арганізацыямі, якія маюць асаблівую эканамічную значнасць

Навіны
Фото: Gabrielle Henderson / Unsplash.com

Савет міністраў Беларусі пастановай №203 ад 25 красавіка ўвёў асаблівыя ўмовы працы аўдытараў з арганізацыямі, якія маюць асаблівую эканамічную значнасць. Дакумент сёння апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і ўступае ў сілу пасля апублікавання.

У адпаведнасці з ім, аказваць аўдытарскія паслугі арганізацыям, якія маюць асаблівую эканамічную значнасць для Рэспублікі Беларусь, змогуць толькі аўдытарскія арганізацыі і аўдытары-ІП, вызначаныя Мінфінам. Пералік арганізацый, якія маюць асаблівую эканамічную значнасць, зацверджаны пастановай, не разгалошваецца. Ён схаваны пад грыфам “для службовага карыстання”.

Дакументам таксама ўстанаўліваецца шэраг асаблівасцяў аказання аўдытарскіх паслуг такім арганізацыям:

  • аўдытары павінны працаваць на тэрыторыі арганізацыі з фізічнай прысутнасцю,
  • не дапускаецца перадача інфармацыі аб дзейнасці арганізацыі па адкрытых каналах перадачы даных,
  • не дапускаецца захоўванне інфармацыі аб дзейнасці арганізацыі ў інфармацыйных сістэмах, падключаных да адкрытых каналаў перадачы даных,
  • арганізацыя забяспечвае назіранне за распаўсюджаннем і прадастаўленнем інфармацыі, распаўсюджанне і прадастаўленне якой абмежавана,
  • не дапускаецца капіраванне аўдытарамі дакументаў з інфармацыяй,
  • аўдытары складаюць дакументы з выкарыстаннем інфармацыі, распаўсюджанне і прадастаўленне якой абмежавана, толькі на папяровым носьбіце і адносяць яе да інфармацыі абмежаванага распаўсюджання.

Дагаворы аказання аўдытарскіх паслуг, заключаныя да ўступлення ў сілу пастановы, дзейнічаюць на ранейшых умовах да заканчэння іх тэрміну і не падлягаюць прадаўжэнню.

Мінфіну даручана штогод да 1 лістапада ўносіць у Савет міністраў па ўзгадненні з Мінэканомікі карэкціроўкі ў пералік арганізацый, якія маюць асаблівае значэнне, а таксама вызначаць пералік аўдытарскіх арганізацый і аўдытараў-ІП, дапушчаных да аказання паслуг для такіх арганізацый.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.