Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі адрапартавала пра кантроль за правядзеннем вясновых палявых работ, які ажыццяўляе ў выкананне даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі. Як заявіла ў ведамстве, асаблівая ўвага надаецца захаванасці і рацыянальнаму выкарыстанню ўгнаенняў.
За перыяд пасяўной міліцыя выявіла больш за 100 злачынстваў. У прыватнасці, супрацоўнікі УБЭП Магілёўскай вобласці ўстанавілі фіктыўнае спісанне больш за 90 тон калійных і фосфарных угнаенняў. Мэтай махінацыі было своечасовае асваенне бюджэтных сродкаў, выдзеленых у межах дзяржаўнай праграмы па пераадоленні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У дачыненні да галоўнага агранома прадпрыемства ўзбуджана крымінальная справа. Фіктыўна спісаная маёмасць вернута ў поўным аб’ёме.
Паралельна па ўсёй краіне абследуюцца месцы захоўвання ўгнаенняў. У кожным рэгіёне выяўлены выпадкі складзіравання ў памяшканнях з пашкоджанымі дахамі, абваленымі сценамі або пад адкрытым небам, што прыводзіць да псавання пад уздзеяннем вільгаці. Мясцовыя органы ўлады праінфармаваныя пра парушэнні. У адрас райвыканкамаў накіравана 273 інфармацыйныя лісты па фактах бесгаспадарчасці.
