Марыну Адамовіч, жонку Мікалая Статкевіча, вызвалілі, пратрымаўшы некалькі гадзін у аддзяленні міліцыі. Зараз яна знаходзіцца дома.
«Дарагія сябры, Марына дома. Проста пратрымалі 4 з паловай гадзіны ў Ленінскім РУУСе, не дапытвалі, проста трымалі. Зараз аналізуем, а што гэта было?» — напісаў Мікалай Статкевіч у сваім тэлеграм-канале.
Нагадаем, сілавікі затрымалі Адамовіч сёння днём каля дома, заявіўшы, што хочуць узяць тлумачэнні наконт атрымання прэміі Homo Homini ў Празе.
Адамовіч ад імя Статкевіча атрымала прэмію Homo Homini 2026 у Празе 11 сакавіка.
Мікалай Статкевіч быў асуджаны ў 2021 годзе па «справе Ціханоўскага» на 14 гадоў пазбаўлення волі. У верасні 2025 года ён увайшоў у лік 52 палітвязняў, якіх павінны былі вывезці ў Літву, аднак адмовіўся пакідаць Беларусь і выбег з аўтобуса. Пасля гэтага яго некалькі месяцаў утрымлівалі ў турме ў Глыбокім — пра гэта стала вядома толькі пасля яго вызвалення 19 лютага. 21 студзеня ён перанёс інсульт, у яго парушана маўленне. Зараз Статкевіч знаходзіцца дома ў Мінску, аднак дакументы яму да гэтага часу не выдадзены, яго прававы статус застаецца нявызначаным.
