Завяршаем аглядам пра беларускую музыку серыю матэрыялаў пра культурныя вынікі года.
2025 год праляцеў імгненна: ён пачынаўся з «Марафона адзінства» ў Беларусі на чарговую «перадвыбарчую» кампанію Аляксандра Лукашэнкі, а скончыўся вызваленнем беларускіх палітвязняў. І ўжо адзін са святлейшых яго музычных успамінаў — сумеснае выкананне Максіма Знака і Лявона Вольскага песні «Лятучы галандзец» на канцэрце рок-выканаўцы ў Варшаве. Але паспрабуем прасачыць, што адбылося за гэтыя дванаццаць месяцаў па абодва бакі мяжы.
Працяг рэпрэсій і павольная культурная «каланізацыя»
Культурная палітыка рэжыму ў Беларусі не паказала прыкметаў «адлігі»: працягваліся затрыманні і звальненні, цэнзура, даносы і экспансія рускай культуры.
«Чысткі» інстытуцый працягнуліся: з пасады гендырэктара Белдзяржфілармоніі быў звольнены Аляксандр Мікіта. У сталічнай Акадэміі музыкі знялі з пасады першага прарэктара Юрыя Караева.
У чэрвені быў затрыманы музыка, выкладчык, лідар гурта «Палац» Алег Хаменка — у дачынені да яго распачалі крымінальную справу за супрацу з так званым «экстрэмісцкім» медыя. Па звестках Беларускага ПЭНа, у межах «справы Гаюна» затрымалі музыканта і культурнага менеджара Анатоля Вольскага. У снежні быў арыштаваны музыка «Старога Ольсы» Алесь Чумакоў — паводле справы культурніцкай ініцыятывы «Да Зораў», якую абвясцілі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Прайшлі суды ў дачыненні да некалькіх музычных выкладчыкаў: за ўдзел у вулічных пратэстах 2020 года да «хатняй хіміі» прыгавораны джазавая спявачка і кіраўніца вакальнай студыі «Артвакал» Вераніка Яноўская, педагог вакалу і кіраўніца ансамбля Pretty Band Марына Рапавец, педагогі-баяністы Лілія і Аляксандр Пажарыцкія.
Таксама ў 2025 годзе прайшла чарада затрыманняў канцэртных менеджараў, якія былі ўдзельнікамі тэлеграм-чата «Орг BY», прызнанага рэжымам «экстрэмісцкім фарміраваннем». Як вынік, не толькі некаторыя канцэртныя агенцыі спынілі дзейнасць, быў ліквідаваны на рынку адзін з найбуйнейшых беларускіх білетных аператараў «Квіткі Бел».
У жніўні урад абнавіў палажэнне аб рэестры арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, згодна з якім арганізатары культурніцкіх падзей сталі абавязаны не толькі мець выпіскі з рэестра, выдадзеныя Міністэрствам культуры, але «забяспечваць зацверджанне сцэнарыяў мерапрыемстваў», а таксама «не дапускаць супрацоўніцтва з асобамі, у дачыненні да якіх прымаліся рашэнні аб забароне, абмежаванні і прыпыненні культурнай дзейнасці ў адпаведнасці з артыкулам 81 Кодэксу аб культуры».
У Гродна забаранілі выступы вулічным музыкантам.
У снежні ў Мінску закрылася пляцоўка «Манахром», дзе таксама ладзіліся і канцэрты акадэмічнай музыкі.
У 2025 годзе Міністэрства інфармацыі анулявала пасведчанне аб дзяржрэгістрацыі «Першага музычнага канала». І разам з тым пачала працу ўжо трэцяя радыёстанцыя, звязаная з сям’ёй Дзмітрыя Лукашэнкі і добравядомай аўтаркай песень «пра Аляксандра» Ганнай Сялук. У кастрычніку запрацавала яе «Радио Шансон» у дадатак да «Душэўнага радыё» і «Супер FM».

Павольна, але ўпэўнена на месцы звольненых адмыслоўцаў у беларускія культурныя інстытуцыі прыходзілі і прыходзяць расійскія музыканты, менеджары і педагогі.
«Узорным» у гэтым кантэкце можна назваць Вялікі тэатр Беларусі, у якім за апошні год склаўся літаральна пул расійскіх кадраў у кіраўніцтве тэатра. З траўня мінулага года мастацкім кіраўніком тэатра быў прызначаны народны артыст Рэспублікі Башкартастан дырыжор Арцём Макараў. Згадаем, што ўжо пэўны час галоўным балетмайстрам ва ўстанове працуе заслужаны артыст Расійскай Федэрацыі Ігар Колб. Сёлета оперу «Арлеанская дзева» паставіў Георгій Ісаакян з Расіі. У ліпені ў рэпертуары дзяржаўнай установы быў заяўлены новы саліст Кірыл Панфілаў — з Казані. Звыклай практыкай сталі выступленні запрошаных расійскіх салістаў.
Да ўсяго Оперны тэатр аб’явіў мінулы год — «Годам Чайкоўскага ў Вялікім тэатры Беларусі». Рускаму кампазітару прысвяцілі значную частку рэпертуару, а таксама фотавыставы і іншыя тэматычныя мерапрыемствы. У тэатры прайшлі дзве прэм’еры паводле твораў Чайкоўскага: вышэйзгаданая опера «Арлеанская дзева» і балет «Шчаўкунок». Яны дадаліся да опер «Яўгеній Анегін», «Пікавая дама», «Іяланта», балетаў «Спячая прыгажуня» і «Лебядзінае возера», якія ўжо ідуць у тэатры.
(Не)выпадковыя візіцёры
Не навіна, што афіша эстрадных канцэртаў у Беларусі ў апошнія гады складаецца з імёнаў расійскіх выканаўцаў: ад Дзімы Білана, Валерыі — да гурта «Міраж». Сёлета з гастролямі ў Беларусь пацягнуліся і тэатры з акупаванай Украіны. Так, у прыватнасці, на сцэне Беларускай дзяржфілармоніі адбыўся паказ рок-оперы «Распятая юность» Луганскага акадэмічнага музычна-драматычнага тэатр ім. М. Галубовіча.
Сярод неспадзяванак году — візіт у Беларусь амерыканскага выканаўцы Джэйсана Дэрула, які падчас прыбывання ў Мінску сустрэўся з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным і Віктарам Лукашэнкам. Музыка, які мае мільённую фан-базу, вёў размовы з беларускімі чыноўнікамі пра набыццё дома ў Беларусі і магчымасць вялікага шоу ў Мінску ўвосень. Але, як бачым, Дэрула з канцэртам у «Мінск-Арэну» так і не даехаў.

Таксама не адбыліся ў Беларусі і гастролі галоўнага расійскага Z-выканаўцы Шамана. Тур ўлюбёнца Пуціна былі запланаваны на леташні снежань, але яго нечакана перанеслі на год.
Аднак Шаман выступіў на музычным шоу «Інтэрбачанне», прафінансаваным Крамлём як альтэрнатыва «Еўрабачанню». Сёлета музычны конкурс, які існаваў некалі ў брэжнеўскія часы, быў адноўлены насуперак Еўропе і прайшоў у Падмаскоўі. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі 23 краін, у тым ліку маладая спявачка з Беларусі Настасся Краўчанка.
Самаідэнтыфікацыя
Важна адзначыць, што паралельна з курсам урада на музычным полі адбываюцца неспадзяванкі ад маладых «правільных» выканаўцаў «у абарону радзімы».
Так, нечакана беларуская рэперка Мэйбі Бэйбі, якая актыўна выступае і ў Расіі ды падтрымлівае «СВА», стала вучыць расійскую выканаўцу Інстасамку, як правільна называць яе краіну — «Беларусь». Разам з беларускім рэперам Пазнякс яна запісала трэк «Жабінка – Гродна» — у кліпе дуэт чытае рэп пра сваё жыццё ў інтэр’ерах «Камароўкі» і на Нямізе.
Ілья Шыканрэнка працягвае кар’еру беларускамоўнага поп-спевака, але, на жаль, яго альбом «На вуснах», выдадзены ў 2025 годзе, у музычным плане пакідае жадаць лепшага.
Можна заўважыць, што нягледзячы на тое, што з’явілася новае пакаленне беларускіх музыкантаў, на адноўленыя музычныя і ў прынцыпе гарадскія фестывалі ў хэдлайнеры запрашаюць пераважна расійскіх артыстаў.
Але важны трэнд — попыт публікі на сваю культуру ў 2025-м выбухнуў у кропцы беларускай традыцыі. На святкаванне Купалля ў «Вялікае княства Сула» пад Стоўбцамі ў ліпені прыехала больш за сем тысяч чалавек. Наведвальнікаў было столькі, што на дарогах утварыліся коркі. Частка публікі падрыхтавалася да свята: людзі былі ў прыгожых строях, капелюшах, вянках.

Фестывальны ток у замежжы
Мала хто ўжо памятае, але 2025 год у Польшчы пачынаўся з вялікага беларускага фестывальнага — на чатыры гарады — праекта Аляксандра Багданава (Papa Bo Selektah) Belarus Outside Sound System. У хэдлайнерах восьмай эдыцыі фэсту выступалі: SOYUZ і Yegor Zabelov, ŠUMA і Anastasia Rydlevskaya, WTBSK і Mustelide, «Разбітае Сэрца Пацана» і Pukst. Музычныя канцэрты прайшлі ў Варшаве, Гданьску, Кракаве і Познані. І гэта была маштабная падзея, якая сталася своеасаблівай кульмінацыяй руху Belarus Outside Sound System, які працягваў увагу музычнай салідарнасцю да праблем беларускіх палітзняволеных. Нагадаем, што супольнасць Belarus Outside Sound System увесь час збірала сродкі на падтрымку палітвязняў.
На пачатку года закрыўся клуб Scena Chmielna, які быў адной з вядучых, калі не асноўнай пляцоўкай беларускіх музыкаў у Варшаве.
Не адбыўся на Шчодрык праект Русі і кампаніі — Varushnyak (які і сёлета), дапускаючы «пераменны ток» падзеі. Але з размахам фэст беларускай музычнай культуры прайшоў на Купалле ўлетку.
Увогуле, калі казаць пра найбольш поўныя на музычныя івэнты месяцы ў замежжы, то ім сталі чэрвень, ліпень і жнівень. Прычым гэта былі розныя кам’юніці беларусаў, якія стваралі адметныя івэнты ў розных гарадах: SONCAHRAJ на Падляшшы, PAPARAĆ у Познані, Huchna Fest у Варшаве, Пікнік LTCN у Кракаве, Prekupalle ў Біндзюге, Marafest у Сопаце, GRAJ! зноў у Варшавеі, і, вядома, TUTAKA на Беласточчыне.

Фестываль Абуджаных стаўся самым маштабным з пералічаных: ён доўжыўся тры дні, аб’яднаў дзве музычныя сцэны, сабраўшы праграму ад маладога панку кшталту гурта «Сербскі нож» да народнага праекта «Крамбамбуля», пад хіты якога ва ўрочышчы Барок скакаў уначы тысячны натоўп.
Актыўнасць фонда «Тутака» ўвогуле спрыяе току жыцця не адно фэсту TUTAKA, — гэта і вышэйзгаданы фестываль беларускай традыцыі SONCAHRAJ, і «Бардаўская восень», які сёлета вярнуў конкурс выканаўцаў аўтарскай песні. Пераможцу выбіралі карыстальнікі ў сацсетках — ёю стала 17-гадовая артыстка Юстына Карпіловіч, якая сёлета прэзентавала і свой сольны альбом «Летапіс». Юстына — таленавітая аўтарка, якая цалкам арганічна і ўпэўнена адчувае сябе ў бардаўскай песні. І гэта цікава, бо гэты жанр пры ўсёй прастаце мае шмат «падводных камянёў», да прыкладу, музычная прадказальнасць. Але Юстына — гэта шчырая і адораная артыстка, якая мае школу і музычную культуру, якая дае ёй магчымасць развіваць сябе ў самых розных напрамках. Выдатна, што «Бардаўская восень» дазволіла пачуць голас гэтай выканаўцы.
У чэрвені ў Вільні прайшла прэзентацыя альбому Yiddish Veršes, у межах якога беларускія музыкі ажывілі пласт беларуска-габрэйскай гісторыі. Сем песень, створаных сучаснымі артыстамі на вершы габрэйскіх паэтаў ХХ стагоддзя, які пісалі на ідыш, былі прадстаўлены публіцы. Праект нечакана «стрэліў» і стаўся заўважным на культурнай мапе.

Трымае свае месца на мапе культурных падзей і фестываль Minsk x Minga ў Мюнхене: летась ён ладзіўся ўжо ў чацвёрты раз. У музычным блоку выступалі гурт «Касары», Сяргей Пукст і падляшскі дуэт Sw@da & Niczos. І, нагадаем, што толькі ў лютым 2025-га Ніка Юрчук і Віктар Шчыгел змагаліся за перамогу ў фінальным канцэрце польскай кваліфікацыі на «Еўрабачанне» і саступілі выканаўцы Юстыне Стэчкоўскай.
Сярод новых культурных падзей у мінулым годзе: фестываль жаночага мастацтва PANDAwomen у Берліне, а таксама незалежны фэст KULOK у Варшаве, які аб’яднаў розныя формы мастацтва і актыўнага дзеяння: рок і рэп, тэатральныя перформансы, кінатрансляцыі, выставы, лекцыі і паэтычныя чытанні.
Жнівень выдаўся гарачым не толькі па прычыне надвор’я, але «Нямой ліхаманкі» — фэсту, які злучыў кіно і акадэмічную музыку. Сярод музыкаў, якія прынялі ўдзел у першай эдыцыі падзеі, заснаванай кінакрытыцай Ірэнай Кацяловіч і музыкантамі Вольгай Падгайскай і Віталём Эпавым, былі: польскія творцы Дарыюш Пшыбыльскі, Аляксандра Хмялеўска, Філіп Спорняк ды таксама беларускі Five-Storey Ensemble. Музыку да стужкі «Белдзяржкіно» «Прастытутка» Алега Фрэйліха адмыслова для фестывальнага паказу напісала польская кампазітарка Аляксандра Хмялеўска.
Не можам не ўзгадаць і музыкальнай частцы сёлетняга фестываля інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Варшаўскую эдыцыю падзеі завяршала прэм’ера «Паэтычнай кантаты» Вольгі Падгайскай і Канстанціна Яськова ў Касцёле Святога Аляксандра з удзелам беларускіх паэтаў. Калі можа казаць пра прэм’еру году — то гэта акурат яна і была: прыгожая, моцная, тая, якая рэзануе ў часе.

Адзначым і запуск новага праекта Аляксандра Чарнухі — «жывыя» анлайн-канцэрты беларускіх выканаўцаў «Сепультура Alive», наведаць якія можна з любой кропкі свету.
Індывідуальныя стратэгіі
Адзін з галоўных гуртоў Беларусі Molchat Doma летась працягнуў свае сусветныя гастролі: і наведаў краіны Лацінскай Амерыкі (Чылі, Аргентыну, Калумбію, Бразілію, Мексіку, Перу), Кітай і Аўстралію. Агулам з моманту рэлізу свайго альбома «Белая паласа» каманда дала 89 шоу ў 33 краінах. А таксама выступіла ў хэдлайнерах на польскім маштабным фестывалі Opener-2025 у Гдыні.
Летась постпанк-гурт трапіў у спісы вылучэнцаў на разгляд у дзвюх катэгорыях прэстыжнай музычнай прэміі «Грэмі» 2026 года: як найлепшы альтэрнатыўны альбом (Best Alternative Album) – «Белая Полоса» і найлепшае альтэрнатыўнае выкананне (Best Alternative Performance) – за кампазіцыю «Сон». Але ў спіс афіцыйных намінантаў на 68-ю прэмію каманда не трапіла.
Канцэрт Макса Каржа ў Варшаве 9 жніўня апынуўся падзеяй, якая «страсянула» Польшчу і падняла дыскусіі вакол паводзінаў украінскіх і беларускіх фанаў. Шоу сабрала стадыён Нарадовы (70 тысяч месцаў), і правапарушэнні асобнай часткі публікі, якая пераскоквала праз сядзенні на танцпол, справакавала затрымку канцэрта, а потым выліліся ў скандал. Таксама ў зале прысутнічалі два сцягі — Правага сектара ў колерах УПА і з сімвалам «Азова». Па выніках інцыдэнта было прынята рашэнне аб высылцы з Польшчы 63 чалавек: 6 грамадзян Беларусі і 57 грамадзян Украіны. На кастрычнік 2025 года 14 замежнікаў з адзначаных 63 былі дэпартаваныя. Еще 13, сярод якіх 11 грамадзян Украіны і 2 грамадзяніна Беларусі, пакінулі краіну добраахвотна. Хтосьці назваў рэакцыю польскага грамадства на ўсё тое, што адбылося, «маральнай панікай», хтосьці — правамерным пакараннем за хуліганства.

Па слядах скандалу ў Варшаве быў адменены і запланаваны раней канцэрт беларускага рэпера ў Алматы.
Варта дадаць, што Корж не выказаў на польскім шоу дакладнай пазіцыі на конт вайны ва Украіне, што таксама стала падставай для дыскусій. Яго рэпліка «вайну трэба спыніць» была расцэнена як «кампраміснае» меркаванне. «Няма месца радыкальнаму нацыяналізму на канцэртах», — такім быў камент Макса Каржа з нагоды ўсіх здарэнняў у Варшаве. Бліжайшае шоу артыста анансавана на травень 2026 года — ён выступіць у Нацыянальнай арэне ў Бухарэце.
Распад гуртоў
Летась легендарным стаў развітальны тур «Пятлі Прыхільнасці» з Іллём Чарапко-Самахвалавым у якасці саліста і фронтмэна. Пасля турнэ музыка паведаміў пра канчатковы сыход з каманды, з якой ён быў больш за 20 гадоў. «Для мяне гэта пройдзены этап, да якога я больш ніколі не вярнуся», — падвёў ён рысу пад вялікім этапам у сваім жыцці, адзначыўшы, што распачынае і працягвае працу над іншымі праектамі. Падчас тура «Пятля Прыхільнасці» наведала 23 гарады ў 15 краінах.
Паставілі на паўзу сваю дзейнасць і іншыя калектывы.
Так, пасля 20-гадовай гісторыі Анастасія Шпакоўская паведаміла ў верасні пра смерць свайго рок-гурта Naka. «Каб рухацца далей, трэба бачыць сэнсы і мэты», — патлумачыла яна прычыну роспуску каманды. Звестка сталася нечаканай, бо беларускі рок-гурт акурат у 2025-м прэзентаваў на сваім YouTube-канале кліп са шматзначнай гісторыяй пра пастку чакання «Хутка павінна пачацца» на верш Міхала Анемпадыстава.
У «няісным стане» знаходзіцца сёння і гомельскі постпанк-гурт Sož («Сож»). «Не маем ніякіх планаў на 2026 і не даем ніякіх абяцанняў», — папярэдзілі музыканты пра творчы крызіс напрыканцы 2025 года.

Асабістая перазагрузка
Паміж тым некаторыя музыканты летась, наадварот, ажывілі свае кар’еры.
Так, першы свой тур па Еўропе здзейсніў зорка беларускага андэрграўнду Сяргей Пукст.
Арыгінальны фармат паэтычнага стэндапа абраў для свайго еўрапейскага тура «Прэзентацыя» беларускі паэт, хіп-хопер і перакладчык Віталь Рыжкоў.
«Не даваў сабе спуску» ў 2025 годзе паэт і музыка Віктар Сямашка, выдаючы па рэлізу ў месяц. Гэта былі самыя разнастайныя запісы: ад музычнай пастаноўкі ў духу палітычнае сатыры Svintus Grandiosus да зборніка авангарднай паэзіі пад імправізацыю піяністкі Юліі Шавель. Аднак, бадай, самай заўважнай працай творцы сталася праграма «Звышверш», запісаная на вершы беларускай паэткі родам з Аўгустова Надзеі Артымовіч. Праграма была створана ў гонар яе памяці разам з хорам «Гук цішы». У канцэртнай версіі альбом быў прэзенатаваны, у прыватнасці, на фестывалі «Бардаўская восень».
Не пройдзем таксама міма і маладога музыканта-сонграйтара Вячаслава Кміта, які выступіў у новай для сябе якасці — актора — сыграўшы галоўную ролю ў фільме Юрыя Сямашкі «Лебядзіная песня Фёдара Озерава». Дэбютная ігравая карціна беларускага рэжысёра была паказана ў праграме «Форум» Берлінскага кінафестывалю і потым брала ўдзел у іншых міжнародных форумах. У прыватнасці, азіяцкая прэм’ера фільма прайшла на кінафэсце ў Паўднёвай Карэі, дзе Вячаслаў, які, уласна, і іграе ў стужцы музыканта, меў вялікі поспех у аўдыторыі.

ŠUMA выдала новы альбом «Багна» і зрабіла невялікі тур па Еўропе.
Цалкам у рабочым рытме сустрэў сваё 60-годдзе Лявон Вольскі: гастролі ў Амерыцы, калядны тур, новыя кліпы і новыя выступы.
Мова як музыка
Калі разважаць пра трэнды ў беларускай музыцы мінулага году, то можна прапанаваць як мінімум два: прафесіяналізацыя аматарскіх калектываў і асэнсаванне беларускай мовы і культуры як уласнага коду і мастацкага інструменту ў выканаўцаў.
Калі казаць пра першы трэнд, то ў якасці аргументаў можна высунуць выхад альбомаў двух эмігранцкіх гуртоў: жаночага хору «Спевы з-пад моста» і мужчынскага гурта беларускіх традыцыйных спеваў «Касары».
Spievy z-pad mosta, які ствараўся ў 2023 годзе як ў пэўным сэнсе праект тэрапіі, жаночай салідарнасці і беларускай культуры, выпусціў свой першы міні-альбом «Іскарка». Жаночы хор беларусак і ўкраінак летась выступіў на «Тутацы», яго ўдзельніцы пабывалі на «Сонцаграй», спявалі на Падляшшы з мясцовым калектывам «Осочнікі», стваралі кліпы і нават пачалі рабіць гукавыя рэтрыты, выкарыстоўваючы загойваючую сілу жаночых спеваў.
«Касары» прэзентавалі ў сеціве свой поўнафарматнік, які так і называецца «Касары». Гэта альбом з дзесяці кампазіцый, далікатна выбудаваны і запісаны, якім каманда заяўляе пра сябе як пра калектыў, які не проста аднаўляе традыцыю, але «замахваецца» на ўжо аўтарскае прачытанне песен. У прыватнасці, у зборніку можна знайсці вядому песню «Казачэ», касмічнае бачанне якой у свой час прапанавала этна-трыа «Троіца». «Касары» даюць сваю версію гэтага твору, і яна не расчароўвае. Заўважна, што «Касары» зараз падыйшлі да той кропкі, калі магчымае нараджэнне аўтарскіх твораў.

У цэлым цікава, як далей будуць складвацца творчыя траекторыі гэтых калектываў.
Музыка як мова
Што датычыцца другога трэнду, то тут варта пагаварыць пра каманды і артыстаў, якія вынаходзілі і працавалі з музычнай формай, але і з беларускай мовай і культурай як такімі.
У прыватнасці, Syndrom Samazvanca («Сіндром самазванца») выдаў у 2025 годзе альбом «Mahajba», у якім надаў беларускаму фолку новы кантэкст. Уладзь Лянкевіч і Раман Жарабцоў ды К злучылі фольк з аўтарскай музыкай, перастварыўшы песні ў прыгожыя доўгія кампазіцыі з рытмічнымі пераходамі, пройгрышамі і адступленнямі. Беларускі спеў, які гучыць як кантры ці ракабілі? Як краўт-рокавая рэч? Гэта праца з музычнай формай і культурай на вельмі глыбокім узроўні, калі складана вызначыць ці гэта самастойны твор, ці ўсё ж ён паўстаў на базе народнай музыкі.
Фантастычныя альбом летась быў у гурта SOYUZ — «Крок». Паўднёваамерыканскі вайб з пераліўчатымі аркестроўкамі, прыгажэйшыя мадуляцыі і мелодыі, пяшчотны гук ды…беларуская мова. Цікава, што ў гэтым выказванні мілагучнасць беларускай выкарыстоўваецца як яшчэ адзін мастацкі сродак. Можна нават так сказаць — з беларускай у SOYUZа ўсё стала на свае месцы, пераскіроўваючы музыку гурта ў кантэкст глабальнай мары, а не адно ўтопіі. Хоць апошняя ў музыцы каманды, безумоўна, ёсць.
Зорка Анастасіі Рыдлеўскай разгарэлася мацней у мінулым годзе, і праз выхад новай плыткі, шматлікія выступы, але таксама і праз выпуск правакацыйных кліпаў. Альбом артысткі Snake Charmer — гэта музыка вялікае пачуццёвасці, якая шукае новых выразных сродкаў, і жанравых перакрыжаванняў. Але тут важна адзначыць і моўнае пытанне: Анастасія спаявае на англійскай, французскай і беларускай. І гэта мультымоўнасць вельмі істотная, бо ў пачуццёвам алфавіце Рыдлеўскай беларуская займае такія ж пазіцыі, як і больш прызнаныя ў свеце English and French. Беларуская тут дэманструе прывабнасць неспазнанае падсвядомае.

Off head — а такую назву меў выдадзены ў 2025 годзе альбом беларускай джазавай і соўл-спявачкі Леры Дэле (KOOB). Плытка эксперыментальнага джазу, на жаль, прайшла амаль незаўважнай сярод рэлізаў іншых беларускіх музыкаў. А шкада, бо гэта цікавая праца, у якой музыка дэманструе творчую форму самабытнай і разняволенай артысткі. У гэтым альбоме, з якім Лера магла бы выступаць на самых розных міжнародных сцэнах, ёсць і кампазіцыя на беларускай мове «Муравой травой». Для артысткі гэта абсалютна натуральны крок — пераасэнсаваць беларускую народную песню ў сучаснай джазавай гісторыі. Тут цікава сачыць за тым, як мысліць аўтарка — рэчытатыў, спеў, вакалізы — пунктуацыя эмоцыі, ірваныя рытмы, які выходзяць у прыгажэйшую коду.
Пераўтварае Беларусь у сугестыўны ўспамін Антон Анішчанка. Яго новы альбом Krope працягваў ідэі папярэдняй працы — плыткі Zara праекта Parus, у якім разам з спявачкай Ганна Сілівончык музыка стварыў ландшафт з гукаў беларускай прыроды, спеву і эмбіенту. Гэты плытка зроблена гэтак жа палка і далікатна, ды ўсё ж не перабівае Parus па пранізлівасці і радасці адкрыцця. Гукавы «космас» беларускай прасторы 2.0.
***
Прачытаць пра вынікі года ў беларускі тэатры тут і тут.
У беларускіх візуальных мастацтвах тут.
У беларускай літаратуры тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
