Расія пагражае Арменіі разарваць пагадненне 2013 года, якім быў усталяваны бязмытны рэжым паставак газу, нафтапрадуктаў і алмазаў. Пра гэта гаворыцца ў публікацыі “Коммерсанта” са спасылкай на ліст міністра энергетыкі РФ Сяргея Цывілёва Міністэрству тэрытарыяльнага кіравання і інфраструктур Арменіі.
«Працяглыя практычныя крокі па паглыбленні ўзаемадзеяння Арменіі з Еўрапейскім саюзам і дэклараванае ўрадам Арменіі імкненне ўступіць у ЕС ставяць пад пагрозу захаванне і развіццё фундаментальна высокага ўзроўню расійска-армянскага гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, адной з асноў якога з’яўляюцца двухбаковыя міжнародныя дагаворы», — цытуе выданне ліст.
У ім таксама гаворыцца, што спробы Арменіі ўвайсці ў ЕС «не адпавядаюць характару выбудаванага на аснове павагі, узаемнай выгады на працягу дзесяцігоддзяў партнёрства паміж урадамі і суб’ектамі гаспадарання нашых краін і неаднаразова прадпрынятым РФ практычным дзеянням па забеспячэнні крытычна важных патрэб Арменіі на прэферэнцыйнай аснове».
Афіцыйныя органы Расіі і Арменіі не далі “Коммерсанту” каментарыяў для публікацыі.
Пагадненне аб адмене экспартных пошлін, пра якое ідзе гаворка, было часткай уступлення Арменіі ў ЕАЭС.
Трэба адзначыць, што публікацыя з’явілася на фоне перадвыбарчай кампаніі ў Арменіі. Парламенцкія выбары павінны адбыцца 7 чэрвеня 2026 года.