Міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга і міністр моладзі і спорту Матвей Бедны выступілі з сумеснай заявай, асудзіўшы рашэнне Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый гімнастыкі дапусціць спартсменаў Расіі і Беларусі да міжнародных спаборніцтваў пад нацыянальнай сімволікай.
Аўтары заявілі, што такія крокі “супярэчаць фундаментальным прынцыпам справядлівасці, салідарнасці і міру, на якіх павінен грунтавацца міжнародны спорт”.
“Нічога не змянілася: Расія працягвае сваю незаконную і нічым не справакаваную агрэсію супраць Украіны, штодня забіваючы мірных людзей, разбураючы ўкраінскія гарады і грамадзянскую інфраструктуру. У выніку расійскай вайны ўжо разбурана або пашкоджана 852 аб’екты спартыўнай інфраструктуры Украіны, сярод якіх спартыўныя школы, залы, стадыёны і базы падрыхтоўкі спартсменаў.
Украінскія спартсмены працягваюць трэніравацца ва ўмовах пастаяннай небяспекі, паветраных трывог, абстрэлаў і абмежаванага доступу да спартыўнай інфраструктуры. Многія атлеты былі вымушаныя пакінуць свае дамы і пазбавіліся магчымасці паўнавартаснай падрыхтоўкі”, — падкрэслілі яны.
Кіеў назваў адмену абмежаванняў для беларускіх і расійскіх гімнастаў ілжывым сігналам пра «нармалізацыю» сітуацыі і заклікаў Генеральную асамблею, міжнародную спартыўную супольнасць і нацыянальныя федэрацыі не падтрымліваць гэтае рашэнне.
«Спорт не можа быць платформай для легітымізацыі дзяржаў-агрэсараў і іх прапаганды», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце ўкраінскага МЗС.