Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што яму ўдасца дамовіцца з ЗША. На яго думку, зрабіць гэта можна «на рэйках прагматызму». Ён перадаў свае прапановы прэзідэнту ЗША Дональду Трампу праз спецпасланніка Джона Коўла. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю Грэце Ван Сустэрэн для тэлеканала Newsmax. Паводле Лукашэнкі, ЗША ў 2020 годзе арганізавалі атаку супраць яго, прайгралі, а цяпер трэба дамаўляцца.
«Я думаю, мы дамовімся. Мы вельмі падобныя, у нас еўрапейскія карані, таму я ўпэўнены, што дамовімся — можа быць, на рэйках прагматызму. Амерыканцы — людзі выключна прагматычныя, мы таксама. Таму, думаю, калі вызначымся па асноўных кірунках нашага прагматызму, дамовімся. Я Джону Коўлу перадаў некаторыя прапановы нашага прагматызму. Яны ляжаць у плоскасці інтарэсаў Злучаных Штатаў Амерыкі. Трэба дамаўляцца, трэба спыніць змагацца адно з адным, асабліва прыхільнікам», — сказаў Лукашэнка. Чарговыя фрагменты інтэрв’ю апублікавала яго прэс-служба.
«Чаму ў нас з амерыканцамі дрэнныя адносіны? Што мы дрэннага зрабілі для Злучаных Штатаў Амерыкі? Нічога. Дык чаму вы на нас глядзіце скоса? Думаю, у выніку нашага дыялогу, які ўжо ідзе, мы пра ўсё дамовімся. І па-мужчынску сказаў вашым калегам, якія прыехалі: хлопцы, трэба ўмець прызнаваць паразу. Нават калі вы вялікая краіна, такая як ЗША, калі вы ў 2020 годзе арганізавалі супраць нас атаку — не асабіста вы, але вашыя прыхільнікі — і прайгралі, трэба зыходзіць з гэтага. Не трэба хадзіць па свеце і крычаць: мы прайгралі. Але трэба зыходзіць з фактаў. Прайгралі — дык давайце спакойна, па-мужчынску сядзем і пойдзем далей. Я хачу, каб у мяне і маёй краіны былі добрыя адносіны», — працягнуў ён.
Лукашэнка зноў назваў сябе «прэзідэнтам, які сыходзіць», і адзначыў, што не хоча пакідаць праблемы сваім пераемнікам.
«Слухайце, я прэзідэнт, які сыходзіць, я часта пра гэта кажу. Я не хачу, каб праблемы, якія ўзніклі ў час майго кіраўніцтва краінай, былі перакладзены на новае пакаленне. Кожнае пакаленне павінна само вырашаць свае праблемы. Вось у нашага пакалення — у Трампа, у Лукашэнкі — ёсць праблемы, і мы павінны іх вырашыць», — сказаў ён.
Лукашэнка лічыць, што можа дапамагчы ЗША ў вырашэнні сітуацыі ў Венесуэле. Паводле яго слоў, рабіць гэта ён гатовы бясплатна.
«Больш за тое, у нас ёсць агульныя пытанні, дзе можам дапамагчы адно аднаму. Вы пачалі гаварыць пра Венесуэлу. Мы можам там працаваць разам? Можам. Я ўчора Джону Коўлу сказаў: бясплатна, мне нічога не трэба плаціць — бясплатна будзем разам працаваць дзеля таго, каб і венесуэльскі народ жыў у міры, і амерыканцы не гінулі на чужой зямлі дзеля нафты, золата, рэдказямельных металаў ці ў барацьбе з наркотыкамі і г.д. Там, дзе ёсць магчымасць захаваць жыццё, трэба яго захаваць. Як бы добра ні было пасля зямнога жыцця, усё ж такі мы хочам жыць тут і цяпер. Таму мы дамовімся з амерыканцамі, мы дамовімся», — сказаў Лукашэнка.