Лукашэнка пра ўдар па аўтобусе: Гэта ўкраінскі беспілотнік

Галоўнае
Фото: "Пул первого"

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беспілотнік, які ўдарыў па аўтобусе з беларускімі дзецьмі ў Бранскай вобласці РФ, быў украінскім.

«Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання. Гэта ўкраінскі беспілотнік», — заявіў ён сёння на нарадзе па карэкціроўцы мерапрыемстваў плана будаўніцтва і развіцця Узброеных сіл на 2026–2030 гады.

Лукашэнка адрэагаваў на заяву Украіны пра тое, што атака была правакацыяй з боку Расіі.

«Як украінцы кажуць, яны нам далі адказ на нашы прэтэнзіі: „Многія купляюць гэтыя беспілотнікі“. Гэта значыць, гэта не мы, гэта нехта купіў, а можа быць, нейкая правакацыя, аж да таго, што гэта ледзь не расіяне нанеслі падобны ўдар. Але некаторыя рэчы ўжо сёння вядомыя.

Яны кажуць, што ў гэты час не наносіліся ўдары па Бранскай вобласці. Але той жа кіроўца аўтобуса кажа, што ён асабіста (напэўна, як і іншыя, — следства пакажа) бачыў не адзін дрон, а некалькі, якія, як ён кажа, гулі і ляталі над аўтобусам.

Адзін з гэтых дронаў, дзякуй богу, не магутны дрон, ударыў у аўтобус. У выніку загінуў чалавек і пацярпелі нашы дзеці», — сказаў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, у справе шмат канспіралагічных версій, але Беларусь усталюе праўду.

«Мы чуем заявы, апраўданні, розныя версіі. Але нам патрэбна ісціна. І мы чакаем гэтай ісціны або рэальнага, справядлівага, сумленнага адказу ад украінскіх дзяржаўных службоўцаў і ваенных людзей. Мы ўсё роўна ўсталюем гэтую праўду. Гэта не будзе вялікай праблемай», — паабяцаў ён.

Лукашэнка назваў атаку на аўтобус правакацыяй і парушэннем дамоўленасцей з боку «асобных дзяржаў».

«Я не аднойчы папярэджваў (вы гэта ведаеце лепш нават па пэўных напрамках, чым я) — вайна сёння не проста дзесьці далёка. У нас, я кажу, за плотам, а часам і бліжэй. Чужыя войны бываюць, але не настолькі, як сёння. А тым больш, калі гэта вайна каля нашых межаў.

Сведчаннем таму з’яўляюцца рознага кшталту правакацыі. І не правакацыі, а прамыя парушэнні і дамоўленасцей, і паводзін у вайне асобных дзяржаў. Такія, да прыкладу, як нанясенне ўдару па інтэрнаце ў Старабельску — гібель людзей, а таксама нават дзяцей. Таксама ўдар беспілотніка па нашым аўтобусе ў Бранскай вобласці паўтара сутак таму. Мы як людзі ваенныя павінны разумець усе аспекты», — сказаў Лукашэнка.

Ён таксама папярэдзіў, што спроба ўцягнуць Беларусь у вайну дрэнна скончыцца.

«Калі нас нехта правакуе і спрабуе, як некаторыя кажуць, уцягнуць у вайну, думаю, што гэта дрэнна абыдзецца тым, хто спрабуе гэта зрабіць. Мы паводзім сябе спакойна. Камусьці не падабаецца, што Беларусь — спакойная дзяржава. Таму вось гэта ўсё адбываецца», — заявіў ён.

Лукашэнка даручыў узяць расследаванне на кантроль.

«Дадзены выпадак павінен быць расследаваны. Разам з расіянамі. Яны гатовыя нам дапамагаць», — заявіў ён.

Лукашэнка выказаўся пра неабходнасць узмоцнена абараняць мяжу з Украінай.

«Паўднёвая мяжа — паўтары тысячы кіламетраў (вы гэта ведаеце, нашы вайскоўцы там стаяць) — палае як ніколі. Вось адказ некаторым вайскоўцам, трэба нам абараняць паўднёвую мяжу ва ўзмоцненым рэжыме ці не трэба. Вось гэты адказ. Трэба. Мы людзі ваенныя, нас народ корміць за свой кошт для таго, каб мы маглі гэты народ абараніць», — лічыць ён.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.