Аляксандр Лукашэнка прапануе ўзяць арганізаваныя паездкі дзяцей за мяжу пад дзяржаўны кантроль. Пра гэта ён заявіў, каментуючы ўчарашні ўдар беспілотніка па беларускім аўтобусе, у якім на адпачынак у Геленджык ехалі юныя футбалісты з Рэчыцы. Паводле слоў Лукашэнкі, у краіне дастаткова магчымасцей для заняткаў спортам.
«Я хачу звярнуць увагу на сам факт. Бацькі, яны гэтага не адмаўляюць, якія арганізавалі гэтую паездку ці то на адпачынак, ці то на тое, каб трэніраваць людзей, гуляць у футбол у Геленджыку ці недзе?» — сказаў ён.
«У Геленджыку», — падтрымаў дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
«Слухайце, а ў нас што, не хапае зямлі для таго, каб у футбол гуляць? У нас палёў не хапае для таго, каб па-чалавечы нармальна і дзецям, і дарослым камандам займацца футболам? Хапае!» — працягнуў Лукашэнка.
Ён вырашыў папрасіць беларусаў адмовіцца ад падобных паездак, а калі гаворка ідзе пра дзіцячыя групы, то такая практыка павінна быць узята пад нагляд.
«Таму не хачу тут нікога асуджаць, але папрасіць нашых людзей і асабліва бацькоў, калі мы маем справу з дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час. Трэба займацца футболам і іншымі мерапрыемствамі тут. Тут больш камфортна ў ціхай, спакойнай краіне.
І трэба забараніць усякія паездкі без дзяржаўнага на тое нагляду і дазволу.
Бацькі вырашылі, у прыватныя кампаніі звярнуліся. Не хачу тут і асуджаць гэтую прыватную кампанію. Яны працавалі законна, індывідуальныя прадпрымальнікі ці хто, нанялі-аплацілі аўтобус, паехалі. А цяпер некаторыя прэтэнзіі прад’яўляюць. Не трэба нам прад’яўляць прэтэнзіі. Трэба дарослым людзям, нам і перш за ўсё бацькам, больш асцярожна да гэтага ставіцца», — заключыў ён.
Нагадаем, аўтобус з беларускімі дзецьмі, якія накіроўваліся на адпачынак у расійскі Геленджык, 17 чэрвеня быў атакаваны, меркавана, беспілотнікам у Бранскай вобласці Расіі. У выніку загінула жанчына, якая суправаджала групу, восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі раненні. Масква заяўляе, што аўтобус быў атакаваны ўкраінскім дронам, Кіеў адхіляе гэтыя абвінавачанні і называе тое, што адбылося, інфармацыйнай правакацыяй.