Пацярпелыя ў выніку атакі на аўтобус з беларусамі ў Бранскай вобласці ўжо знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Іх вязуць у беларускія медыцынскія ўстановы.
Эвакуацыя пацярпелых была распачатая сёння. Пяцярых дзяцей прыме РНПЦ дзіцячай хірургіі, дарослага пацыента шпіталізуюць у Галоўны ваенны медыцынскі клінічны цэнтр № 432 Узброеных сіл.
Нагадаем, аўтобус з беларускімі дзецьмі, якія накіроўваліся на адпачынак у расійскі Геленджык, 17 чэрвеня быў атакаваны, як мяркуецца, беспілотнікам у Бранскай вобласці Расіі. У выніку загінула жанчына, якая суправаджала групу, восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей, атрымалі раненні. Масква заяўляе, што аўтобус быў атакаваны ўкраінскім дронам, Кіеў адхіляе гэтыя абвінавачанні і называе тое, што адбылося, інфармацыйнай правакацыяй.