Генпракуратура паведаміла пра ўзбуджэнне 12 крымінальных спраў. Яны звязаныя з карупцыяй у будаўнічай сферы.
Паводле версіі следства, з 2025 года па май 2026 года для зніжэння выдаткаў кіраўнікі прыватных фірмаў з Мінска, якія займаюцца вырабам будаўнічых сумесяў, арганізавалі сістэматычны крадзеж цэменту і пяску ў дзяржаўных арганізацый.
Для гэтага яны прыцягнулі асоб, якія адказвалі за ход работ і дастаўку будаўнічых матэрыялаў. Цэмент і пясок выкрадалі з тэрыторый будаўнічых пляцовак і пясчаных кар’ераў. Для вывазу афармляліся фіктыўныя таварасуправаджальныя дакументы.
“Выкрадзеныя матэрыялы выкарыстоўвалі для ўласнай вытворчасці бетону і іншых будаўнічых сумесяў. За час супрацьпраўнай дзейнасці было выкрадзена больш за 340 тон цэменту і будаўнічага пяску агульным аб’ёмам звыш 470 кубаметраў”, — гаворыцца ў паведамленні Генпракуратуры.
Таксама арганізатары схемы плацілі адкаты, каб іх сумесі набываліся спажыўцамі.
“Атрымальнікі хабараў набывалі будаўнічыя сумесі ў парушэнне заканадаўства аб закупках без правядзення канкурэнтных працэдур, пасля чаго арганізоўвалі на карысць фірмаў-хабарадаўцаў першачарговую аплату”, — дадалі ў Генпракуратуры.
Крымінальныя справы расследуюцца паводле артыкулаў аб дачы і атрыманні хабару, а таксама аб крадзяжах шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.