18 чэрвеня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў беларускія ўлады вызваліць палітычных зняволеных, асобна вылучыўшы Аляксандру Пуліновіч, асуджаную па «справе чорных салаўёў». За рэзалюцыю прагаласавалі 504 дэпутаты, супраць — 4. Устрымаліся 55 чалавек.
Аляксандра была затрыманая ва ўзросце 16 гадоў у 2024 годзе і прыгавораная да 10 гадоў і 3 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення Пуліновіч і іншых палітычных зняволеных, асудзілі злоўжыванне беларускімі ўладамі антытэрарыстычным і антыэкстрэмісцкім заканадаўствам для крыміналізацыі антываенных выказванняў і праяў салідарнасці з Украінай, а таксама для падаўлення мірнай нязгоды, у тым ліку сярод моладзі.
Еўрапарламент асудзіў жорсткае абыходжанне са зняволенымі і заклікаў улады Беларусі спыніць катаванні, утрыманне зняволеных інкамунікада, адмову ў медыцынскай дапамозе і абмежаванні доступу да іх адвакатаў і членаў сям’і.
У рэзалюцыі таксама заклікалі расследаваць выпадкі смерці ў калоніях.
Еўрапарламент падкрэслівае, што вызваленне ўсіх палітычных зняволеных і спыненне рэпрэсій застаюцца неабходнымі ўмовамі для любога змястоўнага палітычнага дыялогу або эканамічнага супрацоўніцтва з Беларуссю.
Дэпутаты Еўрапарламента таксама заклікаюць Еўрасаюз і міжнародных партнёраў актывізаваць намаганні па вызваленні ўсіх палітычных зняволеных, узмацніць і строга забяспечваць выкананне адрасных санкцый супраць асоб, адказных за рэпрэсіі, а таксама падтрымліваць міжнародныя намаганні па прыцягненні да адказнасці за злачынствы, здзейсненыя рэжымам Лукашэнкі.