Аляксандр Лукашэнка сёння ўручыў дыпломы дактароў навук і атэстаты прафесараў. Падчас зносін з прадстаўнікамі навукі ён расказаў пра тое, як беларускія ўрачы лячылі расійскіх вайскоўцаў, прывезеных у Беларусь у межах абмену палоннымі паміж РФ і Украінай.
“Жыццё настолькі змянілася, што гэтыя мінна-выбуховыя траўмы і раненні людзей — гэта не толькі вайскоўцы, але і грамадзянскія. Скажу шчыра: калі пачалася спецыяльная ваенная аперацыя, я быў прыхільнікам таго, каб нашых урачоў (і не толькі вайсковых) акунуць у тую рэальнасць, якая там адбываецца. А рэальнасць часам жудасная”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Паводле яго слоў, урачоў накіроўвалі на поўдзень краіны, калі пачаліся абмены палоннымі.
“Калі пачаліся гэтыя абмены, асабліва мы накіроўвалі на поўдзень краіны — у раённыя бальніцы і гомельскую бальніцу. Я тады патрабаваў ад міністра аховы здароўя, каб больш нашы ўрачы бачылі, што адбываецца”, — дадаў ён.
Лукашэнка падкрэсліў, што беларускія медыкі справіліся з задачай.
“Нашы ўрачы малайцы, яны ўсіх выратавалі. Тым больш, што ў некаторых заражэнні былі ўжо вельмі сур’ёзныя, без рук, без ног людзі. А ўвогуле, вы малайцы. Я часта, калі размаўляю з грамадзянскімі — кіраўнікамі цэнтраў, бальніц, — кажу ім: «Ідзіце, вучыцеся ў вайсковых». Людзі кажуць, што ўзровень вельмі прыстойны”, — сказаў ён.
Раней Аляксандр Лукашэнка прызнаваў, што Беларусь таксама прымала параненых расійскіх вайскоўцаў у пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну. СМІ ўдалося выявіць у базе даных Галоўнага ваенна-медыцынскага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ (ГВМУ), што лячэнне ў Беларусі ў сакавіку 2022 года атрымалі не менш за 800 расійскіх вайскоўцаў.
