Аляксандр Лукашэнка 22 студзеня падпісаў указ аб прызначэнні Юрыя Селіверстава паслом Беларусі ў Расійскай Федэрацыі. Згодна з дакументам, ён таксама па сумяшчальніцтве будзе з’яўляцца паўнамоцным прадстаўніком Беларусі пры Эканамічным савеце СНД, спецыяльным прадстаўніком Беларусі па пытаннях інтэграцыйнага супрацоўніцтва ў рамках Саюзнай дзяржавы, ЕАЭС, СНД і АДКБ.
Указ надзяляе дыпламата паўнамоцтвамі намесніка прэм’ер-міністра па пытаннях дзейнасці Беларусі ў рамках Саюзнай дзяржавы і адносін з Расіяй. У межах сваіх функцый ён будзе прадстаўляць Беларусь у кантактах з службовымі асобамі і дзяржаўнымі органамі Расіі, а таксама ў органах Саюзнай дзяржавы па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва.
Акрамя таго, Селіверстаў будзе ўносіць ва ўрад і рэспубліканскія органы кіравання прапановы па гандлёва-эканамічным і інвестыцыйным супрацоўніцтве з Расіяй, каардынаваць працу ведамстваў і арганізацый, падпарадкаваных ураду, і даваць абавязковыя да выканання ўказанні прадстаўнікам Беларусі ў органах Саюзнай дзяржавы з наступным кантролем іх выканання.
“Пры гэтым Юрый Селіверстаў нясе персанальную адказнасць за прасоўванне нацыянальных інтарэсаў Беларусі ў Саюзнай дзяржаве і адносінах з Расіяй”, — паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі.
