Аляксандр Лукашэнка сёння ў Мінску прыняў былога прэзідэнта Малдовы, старшыню Партыі сацыялістаў Ігара Дадона.
Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, ён пацікавіўся ў Дадона суверэнітэтам яго краіны.
“Можа быць, гэта будзе не зусім дыпламатычна. Па-сяброўску хачу пачуць адказ на пытанне пра суверэнітэт і незалежнасць Малдовы. Мы вельмі часта апошнім часам чуем з розных крыніц пра тое, што Малдова гатовая стаць ледзь не часткай іншай дзяржавы. Шчыра скажу, я як чалавек, закаханы ў вашу краіну (ты гэта добра ведаеш), з жахам гэта чую і ўспрымаю.
Не хачу казаць банальныя рэчы пра тое, што суверэнітэт і незалежнасць заўсёды дорага каштуюць, і гэта галоўнае для любой краіны (гэта ты лепш за мяне ведаеш), але я б вельмі прасіў і цябе, і тваіх прыхільнікаў, каб ні ў якім разе не дапусцілі знішчэння такой квітнеючай, цудоўнай, хоць і невялікай па памерах, краіны, як Малдова. Такой прыгажосці, якую беларусы ўсе любілі ў Малдове, наўрад ці знойдзеш у свеце. Гэта такі ціхі, спакойны быў куток (думаю, і ёсць) для жыцця людзей. Мы заўсёды вам зайздросцілі”, — сказаў ён.
Нагадаем, цяпер урад Малдовы ўзяў курс на інтэграцыю ў Еўрасаюз. Ён нядаўна выйшаў са статутных органаў СНД. Партыя Дадона знаходзіцца ў апазіцыі. Яна пацярпела паразу на парламенцкіх выбарах у 2025 годзе, дзе больш за 50% галасоў набрала партыя “Дзеянне і салідарнасць”, якая падтрымлівае прэзідэнта Майю Санду. Санду выйграла прэзідэнцкія выбары ў Малдове двойчы: у 2020 і 2024 гадах.
Лукашэнка аддаўся ўспамінам, як у 2018 годзе разам з Дадонам падчас візіту ў Малдову сеяў кукурузу на полі. Пасля гэтага, як звычайна, Лукашэнка вырашыў пераконваць Дадона, а ў яго асобе і ўсю Малдову, што яны нікому не патрэбныя. Звяртаючыся да госця, Лукашэнка сёння настойваў на тым, каб Малдова не рвала сувязі.
“На нейкай узвышанасці. І вось перад вачыма карцінка: я адтуль глядзеў на Кішынёў, а ён быў увесь у садзе — усё навокал у квецені, усё расквітнела, увесь белы горад.
І я вось цяпер думаю: ну як такую прыгажосць (і працавіты ж народ, малдаване, яны горы могуць звярнуць) камусьці аддаць або ўключыць у склад нейкай іншай дзяржавы. Таму думаю, што для цябе як чалавека-патрыёта і тваіх прыхільнікаў галоўнае — зберагчы Малдову для малдаванаў.
Мы ж гэта разумеем, нідзе мы нікому не патрэбныя. Досвед нам ужо паказаў. Не хачу называць краіны, ты іх добра ведаеш. Ён паказаў, як з намі абыходзяцца. Атрымаецца дзесьці светлая будучыня — добра. А калі не атрымаецца, не трэба рэзаць гэтую пупавіну і рваць адносіны з тымі, з кім вы заўсёды знаходзілі агульную мову. Вось гэта для мяне галоўнае.
І я публічна хацеў сказаць, што Малдова і малдаване — гэта наша любоў. Я думаю, Савецкага Саюза калісьці ў цэлым. Мы з вялікай павагай ставіліся да вашага народа і вашай краіны. І мы не хочам гэтага страціць. І вы, спадзяюся, таксама”, — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што калі Дадон быў прэзідэнтам Малдовы, ён выказваў захапленне Аляксандрам Лукашэнкам і нават казаў, што збіраецца перабудаваць краіну паводле ўзору Беларусі, але прайграў выбары.
“Таму малдаўскі народ, гаротны народ, які ў сваёй гісторыі шмат чаго нацярпеўся, — гэта вялікі народ. Нельга яго прыніжаць, прымяншаць, кудысьці засоўваць, нават у вельмі перспектыўную і развітую краіну. Вы заслужылі гэтае месца пад сонцам. Трэба там жыць і рабіць шчаслівым свой народ. Вось галоўнае, што я хацеў бы табе сказаць па-сяброўску, карыстаючыся нашай сустрэчай”, — дадаў Лукашэнка.
Лукашэнка прапанаваў Дадону абмеркаваць і тэматыку ЕАЭС. Малдова з 2018 года валодае статусам назіральніка пры ЕАЭС, аднак у цяперашні час на афіцыйным узроўні фактычна не ўдзельнічае ў дзейнасці арганізацыі.
“Ёсць пра што пагаварыць. Вельмі важна, што гэта сёння. Паколькі якраз у нас днямі саміт ЕАЭС. Гэта эканамічнае ядро нашай садружнасці. І вельмі важна пачуць твае словы, тваё меркаванне, якое я, вядома ж, давяду да кіраўнікоў дзяржаў, з якімі буду сустракацца”, — сказаў ён.
Ён таксама заклікаў да аднаўлення працы беларуска-малдаўскай камісіі па супрацоўніцтве, якая раней была створаная паміж краінамі.
“Увогуле, я рады цябе бачыць у здароўі, зараджаным, адчуваю, на многія рэчы. І думаю, што ў сваёй краіне ты яшчэ нямала добрага зробіш, і не толькі для сваёй краіны”, — дадаў ён.
Ігар Дадон сёння не абышоўся без таго, каб выказаць захапленне Лукашэнкам.
“Вы цяпер казалі гэтыя словы — у мяне дваістае пачуццё. Гонар, павага і прыкрасць. Гонар і павага да вас, таму што вы такія добрыя, прыгожыя словы казалі пра маю радзіму. А прыкрасць у тым, што вы разумееце тое, чаго не разумее цяперашні прэзідэнт Рэспублікі Малдова. Для мяне як карэннага малдавана, грамадзяніна сваёй краіны (у мяне няма іншага грамадзянства), калі прэзідэнт іншай краіны з’яўляецца большым патрыётам Малдовы, чым цяперашні прэзідэнт Малдовы… Для мяне гэта, ведаеце, балюча на душы”, — сказаў ён.
“Мы змагаліся з цяперашнім прэзідэнтам. Адзін раз я ў яе выйграў. Другі раз — яна ў мяне. Але мы ўсе кляліся на Канстытуцыі абараняць Малдову, абараняць нашу краіну. Цяперашні прэзідэнт пасля таго, як усвядоміла, што ніякай еўрапейскай інтэграцыі не будзе, што гэты шлях — банкруцтва, і гэта паказваюць цяперашнія рэаліі ў Малдове (як тая прымаўка: пасля мяне хоць дом гары), пачала прасоўваць ідэю ліквідацыі малдаўскай дзяржавы. Для нас гэта вялікая праблема”, — працягнуў ён.
Дадон таксама заявіў, што Лукашэнка папулярны ў Малдове.
“Гэта не выпадкова. Для нас прыклад тое, што робіць Беларусь. Тая палітыка, якую праводзіць Беларусь. І сацыяльна-эканамічная, і ва ўмовах вельмі няпростага рэгіянальнага і геапалітычнага канфлікту”, — сказаў ён.