Аляксандр Лукашэнка паабяцаў у бліжэйшы час праверыць, як выконваецца яго ўказ аб узгадненні кіраўнікоў прыватных арганізацый з мясцовымі органамі ўлады. Гэтым зоймецца Адміністрацыя прэзідэнта.
На нарадзе аб неабгрунтаваным пасярэдніцтве Лукашэнка ўспомніў пра ўзгадненне кадраў у прыватных арганізацыях, разважаючы пра праект указа па цэнтралізацыі закупак асобных тавараў для вёскі. Ён падкрэсліў, што ўказ павінен датычыцца ўсіх.
«Сістэма павінна быць для ўсіх. У нас прыватная і дзяржаўная форма ўласнасці. Але гэта нашы дзяржаўныя прадпрыемствы, якія павінны працаваць у інтарэсах дзяржавы. І не трэба тут казкі расказваць, што прыватнік ён усё тут сам вырашыць і гэтак далей.
Мы нават кадравыя прызначэнні прымусілі прыватніка ўзгадняць з мясцовымі органамі ўлады. Магчыма, вы гэта не робіце, але ў бліжэйшы час Адміністрацыя прэзідэнта праверыць гэта і мне дакладзе — так гэта ці не. Для чаго ўзгадняе прыватнік сваіх кіраўнікоў з мясцовымі органамі ўлады райвыканкам, гарвыканкам, аблвыканкам, вы выдатна разумееце. Каб яны былі дзяржаўнымі», — заявіў Лукашэнка.
Указ аб узмацненні ролі выканкамаў быў прыняты ў лютым 2025 года. Ён надаў старшыням раённых і гарадскіх выканкамаў права ўзгадняць прызначэнне кіраўнікоў прыватных арганізацый, размешчаных на іх тэрыторыі.
