Аляксандр Лукашэнка назваў суддзяў самымі залежнымі людзьмі. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы са старшынёй Вярхоўнага суда Расіі Ігарам Красновым. Праўда, Лукашэнка заўважыў, што суддзі залежаць ад закона.
“Дзякуй за тую дапамогу, якую вы аказвалі на папярэдняй пасадзе для нас, для Беларусі, асабліва для суб’ектаў гаспадарання. І цяпер вы прымаеце рашэнні аб’ектыўна, сумленна, справядліва. Таму вы для мяне асабіста з’яўляецеся такім астраўком не толькі законнасці, але і справядлівасці ў брацкай нам Расіі. Дзякуй вам за гэта. Думаю, што і ў будучыні вы будзеце таксама супрацоўнічаць з нашым старшынёй. У вас стыль працы прыкладна аднолькавы”, — сказаў ён.
Трэба адзначыць, што ў 2020–2025 гадах Ігар Красноў быў генпракурорам, як і старшыня Вярхоўнага суда Беларусі Андрэй Швед, па запрашэнні якога ён прыехаў у Мінск.
Лукашэнка адзначыў, што судовую галіну ўлады прынята лічыць незалежнай і самастойнай.
«Самыя залежныя людзі — гэта суддзі, яны залежаць ад закона. Тут ні ўлева, ні ўправа. Вось тыя рамкі, якія закон вызначыў, у іх суддзі і дзейнічаюць, у тым ліку і Вярхоўныя суды, якія вы ўзначальваеце. Мы гэтым жывём ужо доўгі час. Думаю, вы як юрыст гэта разумееце лепш за мяне, што ў законе ўсё не прапішаш. Ні ў адным законе ўсё не прапішаш, жыццё значна больш разнастайнае. Таму суддзі павінны валодаць пэўным досведам і судзіць па справядлівасці, як у народзе кажуць.
Таму я ўдзячны вам за тое супрацоўніцтва, якое было ў нас да гэтага, я вельмі задаволены, што ў нас склаліся такія добрыя, даверлівыя адносіны. Я вітаю і падтрымліваю тыя мерапрыемствы, якія пройдуць у Вярхоўным судзе. Для нас гэта вельмі важна”, — сказаў ён.
Падчас візіту Краснова плануецца падпісанне Мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве паміж Вярхоўнымі судамі дзвюх краін. Дакумент вызначае правілы і фарматы далейшага ўзаемадзеяння і накіраваны на забеспячэнне адзінства падыходаў да ажыццяўлення правасуддзя.
“І нам, Андрэй, трэба падглядаць, што ў вялікай Расіі робіцца ў гэтым плане. Ну, дзесьці, можа быць, і досвед паўтараць. Я ведаю, Ігар Віктаравіч заўсёды адгукнецца на нашу просьбу і падтрымае тое ўдасканаленне, скажам так, нават не рэформу, а ўдасканаленне судаводства, якое ў нас існуе”, — звярнуўся Лукашэнка да Шведа.
Ён нагадаў, што суддзі Вярхоўнага суда цяпер зацвярджаюцца на Усебеларускім народным сходзе.
“Вы ведаеце, што па маёй ініцыятыве старшыня Вярхоўнага суда ў нас ужо зацвярджаецца на народным вечы — Усебеларускім народным сходзе. Як і суддзі Вярхоўнага суда. Гэта надае вельмі сур’ёзны статус. Шмат у чым гэта звязана з асобай цяперашняга старшыні. Таму што такія рэзкія рухі трэба рабіць з вельмі надзейным для беларускага народа чалавекам. Я яму першы раз пра гэта кажу, што, улічваючы асобу чалавека, адданасць той справе, якой ён служыць, і беларускаму народу, мы пайшлі на гэтую сур’ёзную, можа быць, нават глыбокую рэформу Вярхоўнага суда, — сказаў ён.
Лукашэнка таксама адзначыў укараненне сучасных тэхналогій у судах. Ён падтрымлівае гэтую ініцыятыву.
“Вы вельмі сур’ёзна працуеце над камп’ютарызацыяй і ўкараненнем усяго новага, высокіх тэхналогій у працу судоў. Я за гэта. Я больш за ўсё не цярплю ў судах папяровую валакіту, якую ад вас заўсёды патрабавалі і гэтак далей. Таму мы вельмі хацелі б, каб вы нас узялі прычэпам і мы пайшлі за вамі ў плане ўкаранення высокіх тэхналогій у дзейнасць судоў. Па ўсёй вертыкалі”, — дадаў ён.
Паводле яго слоў, добрыя кантакты наладжаны з усімі міністэрствамі і ведамствамі Расіі.
“Прыклад паказваюць прэзідэнты. Калі мы сябруем, тады вам што застаецца? Вам таксама даводзіцца сябраваць. Таму мы вельмі спадзяёмся, што вы падтрымаеце і нас там, дзе гэта будзе патрэбна, і дапаможаце. Адпаведна, вы заўсёды можаце разлічваць на нашу дапамогу, мы заўсёды будзем самым цесным чынам супрацоўнічаць з вамі па ўсіх пытаннях, якія будуць пастаўлены вамі перад судзейскім корпусам Беларусі”, — сказаў ён.