Аляксандр Лукашэнка рады бачыць грамадзян Узбекістана, якія прыязджаюць працаваць, у Беларусі. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з паслом гэтай цэнтральнаазіяцкай краіны Рахматулам Назаравым.
“Шмат узбекаў жыве ў нас. І хочуць жыць і працаваць. Гэта нашы людзі. Мы з вялікім задавальненнем, асабліва сямейных людзей, запрашаем да сябе. У нас, на жаль, не такі рост, як у вас, насельніцтва. Таму мы заўсёды рады бачыць вельмі працавітых узбекскіх людзей, калі яны вырашаць сюды прыехаць”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Ён таксама нагадаў, што ў Беларусі ўсталяваны жорсткі парадак у дачыненні да працоўных мігрантаў. На яго думку, гэта нават лепш для тых, хто прыязджае.
“Напэўна, гэта нават лепш для тых, хто прыязджае. Яны дакладна разумеюць, што мы бярэм людзей на канкрэтную працу. Мы ім прадастаўляем усе магчымасці, паслугі для іх дзяцей — яслі, сад, школа, адукацыя вышэйшая. На роўных з беларусамі, расіянамі, украінцамі і іншымі. Калі ласка, прыходзьце, канкурыруйце.
Магчымасці ў нас вялікія. З задавальненнем людзі едуць, працуюць. Таму ў гэтым плане мы гатовыя з нашымі братамі з Узбекістана працаваць. Мы ведаем, што вы ў гады Вялікай Айчыннай вайны нямала зрабілі для беларусаў. Многія з нашых людзей знаходзілі прытулак ва Узбекістане, да іх ставіліся па-чалавечы. У гэтым плане мы крыху ў даўгу перад вамі. Хоць гэта было ў межах адной краіны”, — дадаў ён.
Нагадаем, беларускія ўлады спрабуюць вырашыць праблему дэфіцыту кадраў у краіне за кошт прыцягнення працоўных мігрантаў. Рэзананс раней выклікала заява Лукашэнкі пра прыём 150 тыс. пакістанцаў. Аднак у рэчаіснасці іх прыехала толькі невялікая колькасць.
Сённяшняя сустрэча таксама была прысвечана будучаму візіту прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Беларусь.
