Аляксандр Лукашэнка сёння сустрэўся з паслом Узбекістана ў Беларусі Рахматулам Назаравым. Сустрэча папярэднічае візіту прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева ў Мінск.
“Гісторыя добрая, адносіны ў нас вельмі добрыя. Я спадзяюся, што гэтыя адносіны будуць мець свой працяг. Вельмі спадзяюся. Таму візіт Шаўката Мірамонавіча ў Беларусь у гэтым плане будзе такім этапным і гістарычным, калі можна так сказаць. Вы для нас ключавы партнёр”, — сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Нагадаем, нядаўна прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын наведаў Узбекістан з візітам. На мінулым тыдні ў развіццё дамоўленасцей Мінск наведала дэлегацыя ўзбекскіх дзелавых колаў.
Абмяркоўвалася адкрыццё ўзбекскага рэстарана, гандлёвага дома, а таксама стварэнне сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у Беларусі.
Лукашэнка чакае, што тавараабарот паміж Беларуссю і Узбекістанам вырасце да 2 млрд долараў да канца пяцігодкі.
“Думаю, да гэтага часу мы актуалізуем усе нашы пытанні, абагульніўшы іх і выпрацаваўшы план на бліжэйшую і сярэднетэрміновую перспектыву. Адносіны развіваюцца нядрэнна. Асабліва ў плане візіту апошняга нашай урадавай дэлегацыі на чале з прэм’ер-міністрам у вашу краіну.
Мне вельмі імпануе дамоўленасць пра тое, што ў бліжэйшы час, дзесьці да 2030 года, мы дасягнем двухмільярднага тавараабароту. Гэта цалкам магчыма. Тым больш што эканомікі нашых краін не канкурэнты адна адной. Усё, што мы ўмеем рабіць — ад сельскай гаспадаркі да машынабудавання, — гэта ўсё патрэбна густанаселенай узбекскай дзяржаве”, — сказаў ён.
У мінулым годзе тавараабарот склаў 855 млн долараў. Ён вырас на 34,8%. Пры гэтым сальда складваецца на карысць Беларусі — 517 млн долараў. Абарот гандлю паслугамі паміж краінамі вырас на 56,1% да 207,9 млн долараў.
Лукашэнка таксама прапанаваў Узбекістану дапамогу ў будаўніцтве АЭС.
“Ведаем ваш інтарэс да нашых спецыялістаў у плане будаўніцтва атамнай станцыі. Мы такія кампетэнцыі асвоілі дзякуючы расіянам. Мы з расіянамі працуем ва ўсіх пунктах свету, дзе яны будуюць гэтыя атамныя энергаблокі. Калі вас задавальняе, прыязджайце ў любы час, калі вам трэба.
Сядуць са спецыялістамі, пагавораць — міністр дасць каманду. Мы будзем садзейнічаць будаўніцтву вашай атамнай электрастанцыі. Будзем старацца, каб нашы спецыялісты аказалі вам пасільную дапамогу. Вы самі ўбачыце, у чым мы можам быць вам цікавыя”, — дадаў ён.
