Лукашэнка і венесуэльская абуза ЗША

Галоўнае
Джон Коул жмет руку Лукашенко. Фото: president.gov.by

Для вялікага сябра Аляксандра Лукашэнкі, прэзідэнта Венесуэлы Нікаласа Мадуры насталі цяжкія часы. Падобна, новая адміністрацыя ЗША ўсур’ёз вырашыла зрынуць палітыка, якога ў Вашынгтоне не лічаць законна абраным кіраўніком гэтай паўднёваамерыканскай дзяржавы. Якраз у гэты ж час у Беларусь зачасціў пасол Венесуэлы ў Расіі Хесус Рафаэль Саласар Веласкес. Сёння высветлілася, што дыпламат мусіў прывезці Лукашэнку адказ Мадуры на пэўныя «праблемы і пытанні». Што ж мог прапаноўваць беларускі палітык венесуэльскаму калегу?

Хмары згушчаюцца

Сітуацыя вакол Венесуэлы працягвае абвастрацца. Сёння Дональд Трамп заявіў пра захоп каля ўзбярэжжа гэтай краіны супертанкера.

Генеральная пракурорка ЗША Пэм Бонды сцвярджае: захопленае судна знаходзілася пад санкцыямі Вашынгтона «з-за ўдзелу ў незаконнай сетцы перавозак нафты, якая падтрымлівае замежныя тэрарыстычныя арганізацыі». Sky News, спасылаючыся на групу па кіраванні марскімі рызыкамі Vanguard, паведамляе — гаворка, верагодна, ідзе пра танкер «Skipper», а санкцыі супраць яго былі ўведзеныя за ўдзел у гандлі іранскай нафтай. Захоп танкера — яшчэ адзін крок у бок эскалацыі.

Яшчэ ў сакавіку 2020 года, падчас першай кадэнцыі Трампа, Вашынгтон абвясціў Мадуру членам замежнай тэрарыстычнай арганізацыі, адказнай за пастаўкі ў ЗША наркотыкаў і арганізацыю нелегальнай міграцыі. Міністэрства юстыцыі ЗША сцвярджае, што Мадура і 14 высокапастаўленых чыноўнікаў Венесуэлы кантралююць наркакартэлі Cártel de Los Soles і Tren de Aragua. У жніўні гэтага года Дзярждэпартамент павялічыў узнагароду за інфармацыю, якая прывядзе да арышту Мадуры, да 50 млн долараў. Сам Мадура і яго ўрад абвінавачанні адмаўляюць, настойваючы, што насамрэч ЗША імкнуцца атрымаць доступ да венесуэльскай нафты. «Гаворка заўсёды ішла пра нашы прыродныя рэсурсы, нашу нафту, нашу энергію — рэсурсы, якія належаць выключна венесуэльскаму народу», — заяўляюць у Каракасе.

У верасні гэтага года ўзброеныя сілы ЗША пачалі наносіць каля ўзбярэжжа Венесуэлы ўдары па суднах, якія, як сцвярджаецца, перавозілі наркотыкі. У лістападзе ў рэгіён прыбыла ўдарная група ВМС ЗША на чале з авіяносцам «Джэралд Форд». Прэзідэнт Трамп санкцыянаваў тайныя аперацыі ЦРУ ў Венесуэле і абвясціў пра закрыццё неба над гэтай дзяржавай.

У адказ на ціск з боку ЗША Мадура абвясціў мабілізацыю 4,5 млн апалчэнцаў. Аднак многія эксперты сумняваюцца ў здольнасці арміі Венесуэлы эфектыўна супрацьстаяць верагоднаму нападу.

Некалькі дзён таму ў інтэрв’ю выданню Politico Трамп заявіў, што «дні Мадуры злічаныя». І не выключыў магчымасці наземнага ўварвання ў Венесуэлу.

Сарваны дэдлайн

Спачатку з’явілася інфармацыя пра тое, што, гандлюючыся з Вашынгтонам, Мадура выказваў гатоўнасць пакінуць пасаду праз 1,5 года. Але амерыканскі бок гэта, нібыта, не задаволіла.

Потым агенцтва Reuters паведаміла пра тэлефонную размову Трампа і Мадуры, якая адбылася 21 лістапада.

Сцвярджаецца — Мадура абвясціў Трампу пра гатоўнасць пакінуць Венесуэлу, аднак пры гэтым вылучыў шэраг умоў. Венесуэльскі палітык настойваў на тым, што ён і члены яго сям’і павінны быць амніставаныя, уключна са зняццем усіх санкцый ЗША і спыненнем разгляду яго справы ў Міжнародным крымінальным судзе. Акрамя таго, Мадура прасіў зняць санкцыі з больш як 100 венесуэльскіх чыноўнікаў, якіх ЗША абвінавачваюць у парушэннях правоў чалавека, арганізацыі наркатрафіку і карупцыі.

Паведамлялася, што Трамп адхіліў большасць просьбаў Мадуры, заявіўшы, што ў таго ёсць тыдзень, каб пакінуць Венесуэлу разам з членамі сям’і і накіравацца туды, куды ён сам выбера. Пасля заканчэння прызначанага прэзідэнтам ЗША дэдлайну і было закрыта неба над Венесуэлай.

Крыху пазней Трамп пацвердзіў факт размовы з венесуэльскім палітыкам. Аднак падрабязнасцяў раскрываць не стаў, абмежаваўшыся каментарыем: «Я б не сказаў, што размова прайшла добра ці дрэнна, гэта быў проста тэлефонны званок».

Плюс адзін выгнанец?

На фоне гэтых падзей у Мінск і зачасціў пасол Венесуэлы ў Расіі Хесус Рафаэль Саласар Веласкес. Спачатку Аляксандр Лукашэнка прыняў дыпламата 25 лістапада. Тады беларускі палітык заявіў, што чакае візіту Мадуры ў нашу краіну.

«Хацелася б, каб нашы адносіны былі больш інтэнсіўнымі, прасунутымі. Ёсць пра што пагаварыць. Вельмі прашу вас перадаць майму сябру Нікаласу Мадуру, што мы яго заўсёды ў Беларусі чакаем. Пара ўжо яму пабываць тут, у Беларусі», — казаў Лукашэнка.

Тады, улічваючы шматгадовыя сувязі беларусскага і венесуэльскага рэжымаў, візіт пасла не прыцягнуў асаблівай увагі. Аднак крыху менш чым праз тры тыдні пасол Хесус Рафаэль Саласар Веласкес зноў апынуўся ў Мінску. І гэтым разам нават тыя драбкі інфармацыі пра сустрэчу, якія вырашыла апублікаваць прэс-служба Лукашэнкі, даюць падставы задумацца.

Як вынікае са слоў Лукашэнкі, венесуэльскі дыпламат вярнуўся ў Мінск пасля сустрэчы з Мадурам.

«Зусім нядаўна мы з вамі абмяркоўвалі шэраг праблем у нашых узаемаадносінах, пра сітуацыю вакол Венесуэлы. Тады дамовіліся пра тое, што вы павінны ўзгадніць некаторыя пытанні з кіраўніцтвам Венесуэлы — Нікаласам Мадурам. Мы дамовіліся, што пасля ўзгаднення некаторых праблем, пытанняў вы знойдзеце час, каб прыехаць да мяне, яшчэ раз сустрэцца і каб мы маглі ўжо прыняць адпаведнае рашэнне, якое знаходзіцца ў нашай кампетэнцыі. А калі трэба, потым мы падключым прэзідэнта Венесуэлы», — сказаў Лукашэнка.

Такім чынам, дыпламат мусіў прывезці беларускаму палітыку адказы Мадуры на пэўныя пытанні ці ж прапановы, сутнасць якіх пакуль застаецца схаванай. Што ж мог Лукашэнка прапаноўваць венесуэльскаму кіраўніку, пад якім сур’ёзна захісталася крэсла?

Сумнеўна, што гаворка магла ісці пра вайсковую або ваенна-тэхнічную дапамогу. У Беларусі для гэтага няма неабходных рэсурсаў. Няма іх, верагодна, і ў Расіі, якая завязла ў вайне з Украінай і тэарэтычна магла б захацець дапамагчы Мадуру рукамі Лукашэнкі. Наўрад ці праблема заключаецца і ў пэўных фінансавых аперацыях для выратавання капіталаў венесуэльскай вярхушкі, бо ў такім выпадку візіт пасла варта было б трымаць у сакрэце, каб не прыцягваць лішняй увагі да гэтага далікатнага пытання.

Застаецца адно — з вялікай доляй верагоднасці гаворка ідзе пра тое, што Лукашэнка гатовы прыняць у сябе Мадуру. Прадаставіць яму прытулак у выпадку, калі ад’езд венесуэльскага палітыка ўсё ж стане непазбежным. А да гэтага, падобна, і ідзе справа.

Так што неўзабаве ў Лукашэнкі можа стаць на аднаго Нікаласа — Мікалая больш. А да даўно схаванага ў нашай краіне былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева дадасца яшчэ і ўцякач-венесуэльскі палітык. Павінна ж быць і салідарнасць дыктатараў. Ды і «падаіць» «госця», якому няма куды дзявацца, таксама можна як след.

А раптам пераезд Мадуры ў Беларусь на пастаяннае месца жыхарства таксама прадугледжаны ў межах той самай «вялікай здзелкі» з ЗША, да якой цяпер так часта апелюе Лукашэнка? Прынамсі, Дональд Трамп мусіў бы быць удзячны таму, хто дапаможа яму малой крывёй пазбавіцца ад венесуэльскай абузы.

Падпішыцеся на наш тэлеграм-канал «Reform.news: Самае цікавае»

***

Меркаванні і ацэнкі аўтара могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі Reform.news

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны