Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць наведаў Петрыкаўскі раён, дзе азнаёміўся з работай акушэрска-гінекалагічнага корпуса Петрыкаўскай цэнтральнай раённай бальніцы і пагутарыў з медперсаналам і пацыенткамі.
Яму даклалі пра структуру раённай аховы здароўя, у якую ўваходзяць дзве ўчастковыя бальніцы, 22 фельчарска-акушэрскія пункты і 7 амбулаторый урача агульнай практыкі.
“З вашага пункту гледжання — не лішняя гэта структура?” — пацікавіўся Лукашэнка.
“Улічваючы працягласць раёна ад горада да крайняй кропкі раёна — прыблізна 70 кіламетраў, я лічу, што гэта структура не лішняя. Гэта якраз тое, што мы маем, што неабходна”, — прагучаў адказ.
“Трэба разабрацца, каб мы не трацілі лішнія грошы, — заявіў Лукашэнка. — Я не за тое, каб пазакрываць там ФАПы, бальніцы ўчастковыя і гэтак далей. Але трэба паглядзець там, дзе трэба. Участковая бальніца — якія функцыі на сёння ажыццяўляе?”.
Лукашэнка вырашыў даручыць міністру аховы здароўя правесці аналіз сітуацыі па ўсёй краіне і вызначыць, дзе медыцынская інфраструктура адпавядае рэальным патрэбам, а дзе патрабуе карэкціроўкі.
“Я для сябе раблю выснову. Трэба даручыць міністру аховы здароўя, каб ён яшчэ раз прайшоўся па краіне і паглядзеў, дзе нам што трэба, дзе не трэба, — сказаў ён. — Разам трэба паглядзець. Можа, недзе дадаць трэба ФАПы і гэтак далей”.
“Прыём пацыентаў, урачэбныя агляды, аказанне медыцынскай дапамогі — планавай і неадкладнай медыцынскай дапамогі і суправаджэнне насельніцтва на канкрэтных участках. Плюс стацыянарнае лячэнне, койкі”, — адказаў адзін з суразмоўцаў.
“На 11 000 у нас сельскага насельніцтва, у асноўным яны ўсе знаходзяцца на раёне. І неабходнасць ФАПаў у гэтых бальніцах яна ёсць, і людзі пры наведванні…”, — дадаў другі.
“Ну пра ФАПы, можа, і гаворкі няма, бо чалавек прывык бегчы ў гэты ФАП. Участковая бальніца — калі я не памыляюся, мы калісьці перапрафілявалі іх на тое, каб там і сацыяльную нейкую дапамогу аказваць людзям. Не толькі хворых”, — адзначыў Лукашэнка.
У адказ прагучала, што на базе ўчастковых бальніц і бальніц сястрынскага догляду ёсць койкі сацыяльнага догляду.
Лукашэнку таксама расказалі пра эксперымент у кармянскай бальніцы:
“Зразумела, што колькасць людзей змяншаецца, застаюцца пустыя паверхі. Мы зрабілі там раённы цэнтр як пансіянат, то-бок палова бальніцы загружана як бальніца, міжраённыя аддзяленні выведзены ў суседнія — уралогія, хірургія. А тут людзі як поўны пансіянат. Што добра? Урачы на месцы, можна прайсці ўсе фізіяпрацэдуры, і людзі залатога ўзросту — годны догляд і годнае знаходжанне. (…) 90% пенсіі яны пакідаюць там на ўтрыманне”.
“Ну, пра гэта і ішла гаворка. Таму нам трэба, я для сябе раблю выснову — няма міністра аховы здароўя, ён у гэтым разбіраецца, — трэба даручыць яму, каб ён яшчэ раз прайшоўся па краіне і паглядзеў: дзе нам што трэба, дзе не трэба. Ну, бюджэтныя грошы, ніхто ж іх не лічыць. (…) Таму разам трэба паглядзець, дзе трэба. Можа, недзе і дадаць трэба — ФАПы гэтыя і гэтак далей. Участковая бальніца…” — адказаў Лукашэнка.
