Лукашэнка: Без людзей у пагонах у нас не будзе нічога

Навіны
Фото: Пул первого

Аляксандр Лукашэнка сёння ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і генеральскія пагоны сілавікам. Цырымонія была прымеркавана да 23 лютага. Паводле слоў Лукашэнкі, без сілавых структур у яго не будзе нічога.

“Гэта свята тых, для каго абавязак, гонар, Радзіма — найважнейшыя жыццёвыя арыенціры. Тых, хто носіць пагоны і з’яўляецца аплотам міру і стабільнасці ў краіне, карыстаючыся заслужанай павагай усяго беларускага народа.

Нядаўна, сустракаючыся з вучонымі, я сказаў, што без навукі ў нас няма будучыні. Дадаў бы, што без людзей у пагонах, якія стаяць на варце правапарадку і закона, у нас увогуле не будзе нічога, у тым ліку і краіны”, — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што пры неабходнасці кожны з узнагароджаных зробіць усё магчымае для абароны краіны.

Лукашэнка не абмінуў магчымасці падкрэсліць, што міжнародная абстаноўка застаецца складанай.

“Мы бачым, што сёння міжнародная абстаноўка падобная да таго няпростага перыяду ў нашай краіне. Захадам мэтанакіравана нагнятаецца ваенная істэрыя, бесперапынна растуць ваенныя бюджэты НАТА, паскараюцца тэмпы мілітарызацыі Еўропы, асабліва нашых суседзяў на Захадзе”, — сказаў ён.

Паводле яго слоў, сістэма стрымак і супрацьваг, якая раней забяспечвала агульнаеўрапейскую бяспеку, разбурана.

“Свет уцягваецца ў чарговую безумную гонку ўзбраенняў. У тым ліку ядзерных”, — канстатаваў ён.

Лукашэнка заклікаў не дапусціць “новай сусветнай бойні”.

“Мы рабілі і будзем гэта рабіць, бо такія патрабаванні часу. Народ Беларусі павінен быць упэўнены ў нашай здольнасці, здольнасці ваенных захаваць бяспеку краіны. Галоўнымі нашымі аргументамі павінны быць адзінства народа, моцная армія, высокі маральны дух, выучка нашых салдат і афіцэраў, усіх сілавых структур”, — сказаў ён.

Пагоны генерал-маёра сёння былі ўручаны Андрэю Краўчанку, Міхаілу Матросаву і Андрэю Філатаву.

Пагоны генерал-маёра юстыцыі ўручаны Віктару Легану, а генерал-маёра фінансавай міліцыі — Андрэю Самбуку.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны