Літва выказала пратэст Беларусі ў сувязі з прызнаннем ЕГУ «экстрэмісцкай арганізацыяй»

Галоўнае
Фото: ehu.lt

Літва выказала Беларусі рашучы пратэст у сувязі з прызнаннем Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (ЕГУ) «экстрэмісцкай арганізацыяй». Літва патрабуе адмяніць рашэнне і папярэджвае пра палітычныя і дыпламатычныя меры на ўзроўні ЕС.

«Міністэрства замежных спраў лічыць гэтае рашэнне палітычна матываваным, неабгрунтаваным і такім, што парушае прынцыпы міжнароднага права, а таксама суверэнітэт Літоўскай Рэспублікі. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак, калі вышэйшая навучальная ўстанова, якая законна дзейнічае ў іншай краіне, абвяшчаецца „экстрэмісцкай арганізацыяй“», — заяўляе МЗС Літвы.

Літва заявіла пра падтрымку ЕГУ як важнай прасторы для акадэмічнай свабоды, крытычнага мыслення і дэмакратычных каштоўнасцяў, а таксама для навучання, не схільнага палітычнаму ўплыву.

Літоўскае МЗС заявіла, што дзеянні беларускіх уладаў яшчэ больш ускладняць адносіны паміж краінамі, і папярэджвае пра меры ў адказ, у тым ліку на ўзроўні Еўрапейскага саюза.

«Міністэрства падкрэслівае, што гэтае рашэнне ўладаў Беларусі ўяўляе прамую пагрозу для ўсіх студэнтаў ЕГУ, якія не толькі з Беларусі, але і для акадэмічнай супольнасці, крыміналізуе міжнароднае акадэмічнае супрацоўніцтва і наносіць значную шкоду прагрэсіўнаму грамадству Беларусі, дэмакратычнай апазіцыі і будучыні ўсёй краіны.

Літва не прызнае юрыдычнай сілы гэтага рашэння на сваёй тэрыторыі, патрабуе яго неадкладнай адмены і папярэджвае, што такія дзеянні яшчэ больш ускладняць адносіны паміж Літвой і Рэспублікай Беларусь. Яны будуць ацэненыя як на нацыянальным узроўні, так і на ўзроўні Еўрапейскага саюза з мэтай прыняцця далейшых палітычных і дыпламатычных мер», — гаворыцца ў заяве МЗС Літвы.

Нагадаем, Вярхоўны суд Беларусі прызнаў дзейны ў Вільні ЕГУ разам з яго структурнымі падраздзяленнямі «экстрэмісцкай арганізацыяй».

У Генпракуратуры лічаць, што ўніверсітэт рыхтуе беларускую моладзь «да рэалізацыі заходніх сцэнарыяў трансфармацыі палітычнай сістэмы, прасоўвання так званых дэмакратычных каштоўнасцяў, „альтэрнатыўных“ трактоўкаў гістарычных, культурных і іншых падзей».

У Беларусі ў выпускнікоў, студэнтаў і іншых людзей, звязаных з універсітэтам, праходзяць ператрусы.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.