Асацыяцыя «Літоўскі баскетбол» выступіла з рэзкай крытыкай рашэння Міжнароднай федэрацыі баскетбола дазволіць гульцам з Расіі і Беларусі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах па баскетболе 3х3.
Згодна з заявай FIBA, Расіі і Беларусі дазволена выставіць маладзёжныя зборныя да 21 года ў спаборніцтвах азіяцкай зоны Лігі нацый, якія пройдуць у Кітаі і Малайзіі. Рашэнне абгрунтавана рэкамендацыяй Міжнароднага алімпійскага камітэта аб зняцці абмежаванняў для маладых спартсменаў гэтых краін. У астатніх турнірах забарона для расійскіх і беларускіх спартсменаў усіх узроставых катэгорый захоўваецца як мінімум да наступнага пасяджэння FIBA у верасні 2026 года.
Літоўская федэрацыя назвала гэтае рашэнне “заняпадам каштоўнасцей”.
“Мы рашуча выступаем супраць вяртання краін-агрэсараў у міжнародную супольнасць. Хоць гэтае рашэнне адносна спаборніцтваў у азіяцкім рэгіёне, відавочна, не акажа прамога ўплыву на турніры і чэмпіянаты, якія праходзяць у Еўропе, наша асацыяцыя разглядае яго як заняпад каштоўнасцей.
Існуе верагоднасць таго, што, прайшоўшы кваліфікацыю праз рэгіянальныя спаборніцтвы ў Азіі, вышэйзгаданыя краіны таксама апынуцца ў фінальных этапах сусветнага тура па баскетболе 3х3 у Еўропе. Гэта выкліча мноства юрыдычных і маральных пярэчанняў у большасці краін нашага кантынента”, – заявілі ў асацыяцыі.
Федэрацыя мае намер узняць гэтае пытанне на асамблеі FIBA Europe, якая адбудзецца праз некалькі тыдняў у Ісландыі.
“Відавочна, што пакуль ва Украіне працягваецца ваенная агрэсія, ні расійскія, ні беларускія баскетбалісты не могуць удзельнічаць ні ў якіх афіцыйных спаборніцтвах», — падсумавалі аўтары.
