Літоўская асацыяцыя перавозчыкаў Linava пракаментавала адказы РУП «Белмытсервіс» на запыты наконт транспартных сродкаў, якія затрыманы ў Беларусі. Яны былі накіраваныя беларускай кампаніі членамі асацыяцыі. Як заявіў кіраўнік асацыяцыі Эрландас Мікенас, адказы з’яўляюцца фармальнымі і не тлумачаць, ці могуць перавозчыкі атрымаць назад свае грузавікі пасля аплаты паслуг за іх захоўванне.
«У гэтых лістах не ўказаны канкрэтны прававы механізм, на падставе якога былі затрыманыя транспартныя сродкі, не названыя тэрміны затрымання або адпаведныя рашэнні, а таксама не тлумачыцца, ці могуць і на якіх умовах транспартныя сродкі быць вызваленыя. Самае галоўнае — у адказах не пацвярджаецца, што аплата выстаўленых рахункаў гарантуе вяртанне транспартнага сродку перавозчыку», — гаворыцца ў заяве Мікенаса.
Linava адзначае, што ў лістах «Белмытсервісу», атрыманых перавозчыкамі, гаворыцца, што грузавікі захоўваюцца ў зонах мытнага кантролю па запыце беларускай мытні, а кампанія, якая аказвае паслугі захоўвання, нібыта толькі выконвае ўказанні мытных органаў. Таксама адзначаецца, што плата за паслугі захоўвання спаганяецца ў адпаведнасці з публічна абвешчанымі тарыфамі.
«Пакуль мы не атрымалі ад уладаў ніякіх канкрэтных дзеянняў або выразнага плана па вырашэнні гэтай сітуацыі. Перавозчыкі знаходзяцца ў поўнай нявызначанасці, яны не ведаюць, што рабіць, як дзейнічаць у межах закона і як вярнуць сваю маёмасць, якая фактычна заблакаваная без якога-небудзь вызначанага прававога статусу», — дадаў кіраўнік асацыяцыі.
Linava заклікае перавозчыкаў не прымаць паспешлівых фінансавых рашэнняў, фіксаваць перапіску і супрацоўнічаць з асацыяцыяй.
