Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка правёў серыю сустрэч у Савеце Еўропы, прысвечаных прыцягненню Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў да адказнасці па трох напрамках: незаконны вываз украінскіх дзяцей і іх індактрынацыя, злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа і акт агрэсіі супраць Украіны.
Падчас сустрэчы з генеральным дырэктарам па правах чалавека і вяршэнству права Савета Еўропы Джанука Эспазіта Латушка перадаў матэрыялы, сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем, пра перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі і іх наступную індактрынацыю ў інтарэсах «рускага свету». Бакі дамовіліся накіраваць гэтыя матэрыялы ў штаб-кватэру Савета Еўропы.
Асобна абмяркоўвалася стварэнне Спецыяльнага трыбунала па злачынстве агрэсіі супраць Украіны. Латушка праінфармаваў пра збор НАУ доказаў здзяйснення акта агрэсіі вышэйшым ваенна-палітычным кіраўніцтвам Беларусі і ўзгадніў алгарытмы перадачы гэтых даных у інтарэсах правасуддзя. Эспазіта пацвердзіў, што Савет Еўропы працягне стратэгічную падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі ў рамках узгодненага плана дзеянняў.
Латушка таксама сустрэўся з пастаяннымі прадстаўнікамі Славеніі і Латвіі пры Савеце Еўропы Бертай Мрак і Агнесе Вілдэ, якія выказалі падтрымку беларусам і гатоўнасць садзейнічаць далейшаму супрацоўніцтву. Палітык заклікаў абедзве краіны падтрымаць расследаванне пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў дачыненні да злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа, паведамілі ў прэс-службе АПК.


