Аргкамітэт літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» вызначыў найлепшую мастацкую беларускамоўную кнігу 2025 года. Ёй стаў беларускі паэт, які жыве ў Чэхіі, Макс Шчур за паэтычны зборнік «Чайны збор» (SayBeat, Варшава). Дарэчы, кніга ўваходзіла ў шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Наталлі Арсенневай.

У шорт-спісе прэміі «Гліняны Вялес» за 2025 год былі два раманы, адзін зборнік апавяданняў, адна кніга п’ес, адна рэпарцёрская і адна эсэістычная кніга; а таксама тры кнігі паэзіі.
- Зміцер Вішнёў «Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер», раман (Skaryna Press, Лондан).
- Аляксандр Карнаўх «Халодныя землі», раман (Gutenberg Publisher, Кракаў).
- Сяргей Кавалёў «Камедыя Юдзіфі», п“есы (Камунікат, Беласток).
- Ганна Кандрацюк «Проста з любові. Рэпарцёрскія партрэты памяці» (Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку).
- Ванда Марцінш душ Рэйш «Таямніцы высокага двара», двухмоўная беларуска-літоўская кніга вершаў (Slinktys, Вільня).
- Уладзімір Сцяпан «Ваўка», кніга апавяданняў (Мяне няма, Варшава).
- Сяргей Сыс «Пералёт трава», нясумная кніга беларускага выгнанца. (Логвінаў, Вільня).
- Юля Цімафеева «Рэжу гісторыю сабой. Ich zerschneide die Geschichte», двухмоўны беларуска-нямецкі зборнік, калажы і вершы (Edition Frölich, Берлін).
- Макс Шчур «Чайны збор», выбраная постпаэзія (SayBeat, Варшава).
«Гліняны Вялес» – найстарэйшая беларуская незалежная літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе Таварыствам вольных літаратараў. Прысуджаецца за найлепшую мастацкую беларускамоўную кнігу года. Лаўрэат атрымлівае сімвалічную ўзнагароду — гліняны стод апекуна мастацтва. Стаць лаўрэатам прэміі можна толькі аднойчы.
Сярод мінулых лаўрэатаў прэміі — Валянцін Акудовіч, Міхал Андрасюк, Уладзімір Арлоў, Альгерд Бахарэвіч, Пятро Васючэнка, Наста Кудасава, Алег Мінкін, Уладзімір Някляеў, Алесь Разанаў, Віктар Сазонаў, Юры Станкевіч і інш.